Генэрал Фралоў паведаміў, што дэпутацкая група “Рэспубліка” ўжо падрыхтавала свой варыянт законапраекту аб унясеньні зьменаў у Выбарчы кодэкс. Дакумэнт прайшоў экспэртызу розных адмыслоўцаў, быў пасьля гэтага дапрацаваны. Цяпер ён, згодна з працэдурай, знаходзіцца на апошняй экспэртызе — у Цэнтры законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Спадар Фралоў спадзяецца за два тыдні атрымаць адтуль заключэньне.
Спадар Фралоў нагадаў, што многія ініцыятывы групы “Рэспубліка” не былі падтрыманыя большасьцю Палаты. Каб такога ня здарылася і гэты раз, Валеры Фралоў прапануе падтрымаць дэпутацкую ініцыятыву подпісамі грамадзянаў Беларусі.
(Фралоў: ) “Акрамя таго, неабходна ісьці ді трыбуны і несьці за сабою, як нехта насіў партфэлі, ці на вазку каціць каля трохсот тысяч, пяцісот тысяч подпісаў. І сказаць: паважаныя калегі, гэта ня толькі нашыя думкі, гэта думкі і вашых выбарцаў. Гэта для нас надзвычай сур’ёзная падтрымка”.
Генэрал Фралоў сказаў, што збор подпісаў не пачынаецца толькі таму, што сярод арганізатараў няма згоды — некаторыя заклікаюць адразу зьбіраць подпісы за правядзеньне рэфэрэндуму. Для ягонага ініцыяваньня патрэбна сабраць 450 тысяч подпісаў, у той час як за зьмену заканадаўства толькі 50 тысяч.
У звароце да грамадзянаў Беларусі, які акрамя Валерыя Фралова падпісалі дэпутаты Палаты Ўладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец, а таксама Міхаіл Марыніч і кіраўнік Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас, гаворыцца, што першаснай задачай новага руху будзе “кансалідаваць усе прагрэсіўныя сілы Беларусі дзеля стварэньня надзвычай моцнага руху за сапраўды народную ўладу”.
Сяргей Скрабец, які пасьля чарговай ратацыі цяпер узначальвае дэпутацкую групу “Рэспубліка”, адзначае:
(Скрабец: ) “На сёньняшні дзень у беларусаў забралі надзею на будучыню. А гэта самае галоўнае, чым жылі й жывуць людзі. Ёсьць людзі, якія ня вераць у перамены. І гэтых людзей амаль палова. Мы хочам іх мабілізаваць і даць надзею на тое, што ў нашай краіне адбудуцца перамены, і мы будзем жыць лепш”.