Газэту “Время новостей” цікавіла, найперш, стаўленьне будучага кіраўніцтва Іраку да Расеі. Таму карэспандэнтка газэты “Время новостей” Алена Супоніна, згадаўшы той факт, што “амэрыканцы падчас вайны абвінавцілі расейскія кампаніі ў незаконных пастаўках зброі Іраку”, запыталася – а ці адаб’ецца гэта на адносінах Багдаду з Масквой? Я працытую адказ Аляві даслоўна:
“У нас няма зьвестак пра тое, што Расея аказвала Садаму нейкую дапамогу ў ваеннай галіне ў пэрыяд дзеяньня міжнародных санкцыяў супраць Іраку. Вось былая Югаславія пасьпела у чымсьці дапамачы Садаму. Шмат зьвестак у нас і па Беларусі, і лепей было б беларусам самім прадаставіць зьвесткі аб тым, што яны пастаўлялі Іраку. Дакумэнты на гэты конт у нас ёсьць, мы ў кожным выпадку узьнімем гэтае пытаньне ў Радзе бясьпекі ААН і запатрабуем пакараньня тых беларускіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў парушэньні санкцыяў”.
На пытаньне: ці азначае гэта, што пасольства Беларусі ў Іраку ня будзе надалей працаваць, Аляві адказаў: “Гэта залежыць ад таго, хто будзе ў Беларусі ва ўладзе. Пры цяперашнім урадзе пасольства гэтай краіны ў Багдадзе наўрад ці будзе адкрытае. Беларускі ўрад і ўрад Шырака – толькі з гэтымі двума ўрадамі у нас ёсьць сур’ёзныя праблемы. Зь Югаславіяй, як вы ведаеце, скончана – яе кіраўніка цяпер судзіць у Гаазе Міжнародны трыбунал”.
Аяд Аляві ў сваім інтэрівю асобна падкрэсьліў нэгатыўную ролю былога міністра замежных справаў, а потым і прэм’ера Расеі Яўгенія Прымакова. “Ён яшчэ з 70-х гадоў, як толькі пазнаёміўся з Садамам у якасьці карэспандэнта газэты “Правда” і супрацоўніка КГБ, абараняў яго, у тым ліку дзеля ўласнай карысьці. У нас ёсьць амаль поўная ўпэўненасьць, што Прымакоў атрмыліваў за гэта пэўныя сумы ад Садама. Мы вывучаем дакумэнты на гэты конт і рыхтуемся іх абнародваць – як па Прымакову, гэтак і па іншых, і ня толькі ў Расеі” – заявіў Аяд Аляві.
Аяд Аляві ўваходзіць у пяцёрку лідэраў найбольш уплывовых арганізацыяў Іраку, якія былі ў апазыцыі да дыктатуры Хусэйна і якія цяпер вядуць кансультацыі з амэрыканцамі. Варта дадаць, што ў кансультацыях удзельнічаюць таксама лідэр Ірацкага нацыянальнага кангрэсу Ахмэд Чалябі, лідэр Дэмакратычнай партыі Курдыстану Джалял Талябані ды іншыя. Паводле зьвестак газэты “Washington Post”, Аляві па прафэсіі лекар. Пэўны час ён быў функцыянэрам кіроўнай партыі Іраку БААС (партыі сацыялістычнага адраджэньня). У 1996 годзе створаная Аляві арганізацыя спрабавала зьдзейсьніць замах на Садама Хусэйна, але пацярпела няўдачу. Аляві ўдалося тады ўцячы на Захад. Зараз ірацкі рух “Нацыянальная згода” налічвае некалькі сотняў узброеных байцоў.
Мы зьвярнуліся па камэнтар заяваў Аяда Аляві да дырэктара ірацкай службы Радыё Свабода, былога пасла ЗША ў Багдадзе Дэвіда Ньютана. І першае пытаньне да Дэвіда Ньютана: наколькі самастойныя зараз іракцы ў выбары прыярытэтаў у палітыцы, у тым ліку, міжнароднай?
(Ньютан: ) “Яны зусім несамастойныя. Краіна знаходзіцца пад ваеннай адміністрацыяй. Людзі, якім прапануецца стаць ядром часовай адміністрацыі, маюць вельмі добрыя стасункі з Пэнтганом. Такім чынам, яны несамастойныя. Аднак, я ня маю на ўвазе, што тое, што яны гавораць, неяк зьвязанае з пазыцыяй амэрыканскай адміністрацыі”.
Чаму, на Вашую думку, Аяд Аляві падкрэсьлівае розьніцу паміж пазыцыяй Беларусі і пазыцыяй Расеі, або Ўкраіны ў адносінах да Іраку, хаця ў нелегальных пастаўках зброі рэжыму Хусэйна абінавачваліся усе тры гэтыя краіны?
(Ньютан: ) “Паводле майго меркаваньня, людзі лічаць, што кіраўніцтва Беларусі было бліжэй да Садама, да іракцаў, чымся расейскае кіраўнцітва. Пазыцыя Пуціна мела пэўныя адрозьненьні – там, у асноўным, ёсьць падазрэньні наконт карупцыі і нелегальны бізнэс празь нелегальныя пастаўкі зброі. Відавочна, што ёсьць падазрэньні наконт канрэтных асобаў ва ўсіх трох краінах – Беларусі, Расеі, Украіне. Аднак, магчыма, людзі разглядаюць сувязі паміж рэжымам Садама і Беларусьсю на ўрадавым узроўні як больш шчыльныя, чымся ў іншых двух выпадках”.
Як Вы лічыце -- ці сапраўды іракскі бок мае дакумэнты, якія рэальна могуць праліць сьвятло на сапраўдную ролю Менска ў дапамозе рэжыму Садама Хусэйна?
(Ньютан: ) “Я лічу, існуе добры шанец, што гэта так. Лічу верагодным, што Садам раздаваў грошы розным краінам з мэтай купіць сабе сяброў. Аднак, вельмі нямногія краіны былі гатовыя мець зь ім дачыненьні. А Беларусь была выключэньнем. Варта згадаць, што Ахмед Чалябі зь Ірацкага нацыянальнага кангрэсу заявіў, што ён мае 25 тон дакумэнтаў”.