МІЖНАРОДНАЯ АМНІСТЫЯ НАГАДВАЕ БЕЛАРУСКАМУ КІРАЎНІЦТВУ ПРА АДКАЗНАСЬЦЬ ЗА ЛЁС ЗЬНІКЛЫХ У КРАІНЕ ЛЮДЗЕЙ

Алена Ціхановіч, Прага

“У нашай краіне і ўсёй Заходняй Эўропе, – піша спадар Ван дэр Мэлен, – прозьвішча Краўчанка даволі добра вядомае. Менавіта так зваўся чалавек, які неўзабаве пасьля вайны здолеў уцячы ад дыктатуры і перасьледу ў Расеі і атрымаў палітычны прытулак за мяжой. Я прыгадаў гэты выпадак, калі прачытаў сказаныя вамі словы пра беларускага пасла ў Японіі з такім жа прозвішчам, – далей цытуюцца словы Лукашэнкі – “Я сказаў нашым спэцслужбам, выбачайце за адкрытасць, скрасьці яго і вярнуць на радзіму”. Гэты факт, – піша Аляксандру Лукашэнку Ван дэр Мэлен, – паказвае на датычнасьць найвышэйшых службовых асобаў Беларусі да скраданьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Гэтых выпадкаў дастаткова, каб сьвет лічыў урад Беларусі вінаватым у тым, што адбылося з гэтымі людзьмі”.

Кіраўнік галяндзкага аддзяленьня Міжнароднай Амністыі прапануе Аляксандру Лукашэнку ўрэшце ўнесьці яснасьць: калі гэтае дапушчэньне – няпраўда і вымысел ворагаў вашай краіны, то чаму б вам не даказаць адваротнае? У гэтым выпадку, піша ён, для вас ня будзе праблемай дапусьціць да расьсьледаваньня сьледчых ААН.

Нагадаю, што былы амбасадар Пётар Краўчанка ў ранейшым інтэрвію нашай праграме пацьвердзіў, што спэцыяльна накіраваны ў Токіё прадстаўнік спэцслужбаў тры тыдні займаўся толькі яго асобай і што супраць яго, як выказаўся Краўчанка, была сплянаваная правакацыя.

А цяпер коратка пра яго славутага цёзку, згаданага ў лісьце. Віктар Краўчанка ў гады другой ўсясьветнай вайны быў сябрам савецкай гандлёвай місіі па закупках у Вашынгтоне. У 1944 годзе папрасіў палітычнага прытулку ў Злучаных Штатах. У 1946 годзе выступіў з асуджэньнем палітыкі Сталіна. Праз год Краўчанка выдаў кнігу “Я выбраў свабоду”, якая стала бэстсэлерам у заходнім сьвеце. У ёй распавядалася пра сталінскі тэрор, галадамор і гвалтоўную калектывізацыю. Камуністычны друк распачаў супраць кнігі і яе аўтара кампанію дыскрэдытацыі і паклёпу. Францускі камуністычны штотыднёвік “Леттр франсэз” напісаў, што кніга – выдумка і фальшыўка, змайстраваная амэрыканскімі спэцслужбамі. У 1949 годзе Віктар Краўчанка падаў у суд на часопіс за паклёп і выйграў справу. Гэтая справа, якая прыцягнула вялікую увагу грамадзкай думкі, лягла ў падмурак кнігі “Працэс Віктара Краўчанкі”. Аўтар кнігі “Я выбіраю свабоду” жыў у ЗША. У 1966 годзе ён быў знойдзены мёртвым у сваёй кватэры з кулявымі ранамі. Афіцыйная вэрсыя – самагубства. Пра падрабязнасьці судовага працэсу Віктар Краўчанка супраць “Леттр франсэз” можна прчытаць у кнізе Вальтона Тьеры “КГБ у Францыі”.