БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА Ў ЗША АСУДЗІЛА МЕРКАВАНЫ “ІНТЭГРАЦЫЙНЫ РЭФЭРЭНДУМ” І АТРЫМАЛА ПАДТРЫМКУ СЭНАТАРА ДЖОРДЖА ВАЙНОВІЧА

Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

Канфэрэнцыя ў Агаё – значная падзея ў жыцьці беларускай дыяспары, але яна можа істотна паўплываць і на сытуацыю ў самой Беларусі. У яе працы ўзялі ўздзел некалькі дзясяткаў асобаў. Выступоўцы – сярод іх Івонка Сурвілла, Зянон Пазьняк, Сямён Шарэцкі – гаварылі пра тое, што ЗША павінны падтрымаць беларускую незалежнасьць у звязку з тымі абавязкамі, якія ўзялі на сябе ЗША і Вялікабрытанія падчас вываду з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі на пачатку 1990-х гадоў. Актывісты беларускіх арганізацыяў у ЗША Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Пол Васілеўскі, Сяргей Раманюк прапаноўвалі канкрэтныя мэханізмы ўзаемадзеяньня з амэрыканскімі палітыкамі. Шмат што ў гэтым накірунку ўжо робіцца, і робіцца пасьпяхова. Гэта тычыцца найперш законапраекту – Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, які прадстаўлены на разгляд Кангрэсу ЗША сэнатарам Гэлмсам.

І вось цяпер да спонсараў Акту далучыўся сэнатар Джордж Вайновіч, які прывітаў удзельнікаў канфэрэнцыі ў Кліўлендзе. У Вайновіча сталыя стасункі зь беларускім асяродкам, ён працяглы час быў губэрнатарам штату Агаё. Апошнія гады прадстаўляе штат у сэнаце. Гэта адзін з найбольш уплывовых лідэраў Рэспубліканскай партыі, дастаткова сказаць, што некалькі дзён таму да яго у Агаё адмыслова прылятаў прэзыдэнт Буш – яны хаця і належаць да адной партыі, але цяпер маюць некаторыя разыходжаньні адносна законапраекту аб падатках. Вайновіч ужо шосты сэнатар, які будзе лабіраваць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, а ў палаце прадстаўнікоў – у Кангрэсе – суспонсарамі гэтага законапраету выступаюць ужо дзесяць кангрэсмэнаў. Такім чынам, праект мае вялікія шанцы быць прынятым.

Як вядома, Акт прадугледжвае значную фінансавую дапамогу няўрадавым арганізацыям у Беларусі. Але на канфэрэнцыі казалася, што і тыя грошы, якія ўжо выдаткоўваліся, не заўсёды скарыстоўваюцца эфэктыўна. Удзельнікі канфэрэнцыі ў сваёй рэзалюцыі прапанавалі ўраду ЗША аказваць падтрымку арганізацыям і праектам, якія “бароняць сувэрэнітэт, незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі, падтрымку беларускамоўнай адукацыі і култьуры – замест установаў, якія адмыслова і штучна ствараюцца для атрыманьня грантаў”. Паколькі практычна ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі – амэрыканскія падаткаплатнікі, зь іх падаткаў фармуецца бюджэт, дык, паводле амэрыканскай традыцыі, гэтае іх меркаваньне будзе ўлічанае адпаведнымі ўрадавымі органамі.

Шмат увагі надавалася сучаснай рэлігійнай сытуацыі ў Беларусі, адзначалася, што “расейская праваслаўная царква выкарыстоўваецца антыбеларускімі палітычнымі коламі для анэксіі Беларусі”, у той час як “аўтакефальная беларуская царква пазбаўленая юрыдычнага права на існаваньне з прычыны антыдэмакратычнага закону аб рэлігійных арганізацыях”.

Абмяркоўваліся на канфэрэнцыі і захады ў справе дапамогі новым эмігрантам зь Беларусі, іх хутчэйшага інтэграваньня ў амэрыканскае грамадзтва і далучэньня да дзейнасьці беларускіх арганізацыяў у ЗША.