РОН СЫНАВІЦ: “НЕХТА Ў БЕЛАРУСІ АДЧУВАЕ СЯБЕ ВЕЛЬМІ НЯЎТУЛЬНА З ПРЫЧЫНЫ ГЭТАГА ЛІСТА”

Рон Сінавіц, Ірак

Дакумэнт, знойдзены ў сэйфе афіцэра ірацкай рэспубліканскай гвардыі, камэнтавалі ў Беларусі журналісты і ваенныя, бізнэсмэны і палітыкі, улучна з Аляксандрам Лукашэнкам. Папера, нагадаем, уяўляла сабою прапановы ваеннага абсталяваньня і паслугаў , зробленыя дырэктарам ваеннага заводу прыватнаму бізнэсмэну. Тое, што дакумэнт быў знойдзены ў Іраку, спараджала пытаньне пра магчымыя незаконыя збройныя кантакты Беларусі з Іракам Садама Хусэйна.

Афіцыйныя прадстаўнікі і каляўладныя бізнэсмэны дружна сьцьвярджалі, што знойдзены факс – падробка. Чыя – тут меркаваньні разыходзіліся, адны намякалі, што не абышлося без злавеснай рукі ЦРУ, іншыя падазравалі сваіх канкурэнтаў у далікатным бізнэсе – гандлю зь Іракам.

На мінулым тыдні зьявілася яшчэ больш экзатычная вэрсія ў гэтым жа рэчышчы. Паводле менскага аўтара газэты “Московские новости” Аляксандра Фядуты, сумневы наконт сапраўднасьці дакумэнту выклікае крыніца інфармацыі – радыё “Свабода”. Больш за тое, на думку сп. Фядуты, сэнсацыйная інфармацыя, хутчэй за ўсё, сыходзіла ад эмігранткі Натальлі Ш. і яе мужа Міхаіла Ч. Карэспандэнт “Московских новостей” прыгадаў чуткі аб шчыльных сувязях Міхаіла Ч. зь першым намесьнікам КГБ Беларусі Сьцяпанам Сухарэнкам.

Публікацыя ў расейскай гэзэце выклікае значна больш пытаньняў, чым нават дакумэнт, які стаў прычынаю абмеркаваньня. На якой падставе робяцца такія сьцверджаньні? Чаму аўтар не называе імёны людзей, якіх ён абвінавачвае? Баіцца помсты з боку эмігрантаў? Ці сам ведае цану сваім абвінавачаньням?

Цяпер па сутнасьці справы. Абвінавачаньні радыё “Свабода” ў супрацоўніцтве з ЦРУ гучаць ужо 50 гадоў, паводле старой савецкай традыцыі. Тое, што радыё “Свабода” стала інструмэнтам у руках аднаго з кіраўнікоў беларускага КГБ – гэта ўжо штосьці новае, хаця і гэтае абвінавачаньне не ўнікальнае. Незадаволеныя той ці іншай інфармацыяй абвінавачваюць незалежныя мэдыі, у тым ліку і радыё “Свабода”, у тым, што яны на некага працуюць. У якасьці замоўшчыкаў часам называюцца і расейскае ФСБ і беларускае, пры гэтым магчымасьці гэтых арганізацыяў істотна перабольшваюцца.

Варта адзначыць, што публікацыя ў “Московских новостях” не прайшла міма ўвагі аўтараў гумарыстычна-палітычнай нядзельнай праграмы БТ. Афіцыйнае тэлебачаньне спасылалася на артыкул сп. Фядуты як на пераканаўчы доказ таго, што знойдзены ў Багдадзе факс – падробка. Тое, як БТ цытавала артыкул сп. Фядуты, прымушае задумацца над тым, хто ж на самой справе стаў інструмэнтам у руках КГБ.

Тлумачэньні беларускіх урадоўцаў і гіпотэзы сп. Фядуты тыпалягічна падобныя. Зьявілася нешта незвычайнае, непрыемнае, выкрывальнае – значыць, гэта вынік змовы, інтрыгі, “шкодніцтва”. Людзям, які вераць, што маланку насылае Пярун, растлумачыць штосьці пра электрычнасьць даволі цяжка. Асабліва, калі верыць у Перуна выгадна.

Сёньня мы прапануем больш падрабязны расповяд Рона Сынавіца пра абставіны ягонай знаходкі.

(Дракахруст: ) “Рон, тым, хто мае досьвед службы ў савецкім ці ў беларускім войску, цяжка паверыць у Ваш расповед, што амэрыканскія салдаты проста так аддалі Вам важную паперу праціўніка”.

(Сынавіц: ) “Да гэтай вайны мне было цяжка паверыць, што амэрыканскаму журналісту дадуць такі шырокі доступ да салдатаў падчас вайны. Такога раней ніколі не было. Вы мусіце зразумець, што я быў з гэтымі жаўнерамі і падчас баявых дзеяньняў, і яшчэ да вайны, калі яны прыбылі ў Кувэйт. Я быў зь імі разам амаль месяц, мы разам елі, ехалі, траплялі пад абстрэлы. Яны не глядзелі на мяне як на чужака.

Вы спасылаліся на досьвед савецкага войска. Але чалавек , які мае сапраўдны досьвед вайны, ведае, які хаас пануе ў такой сытуацыі. Калі 3-я пяхотная дывізыя прыйшла на гэтую базу, то першае, што зрабілі салдаты – гэта кінуліся ў душ, упершыню за 3 тыдні. Я не кажу, што ніхто ня дбаў пра дакумэнты. Там былі афіцэры нізкага рангу з агульнавайсковай разьведкі, гэта зусім не ЦРУ. Яны мусілі ўсю інфармацыю, што яны знайшлі, перадаваць “наверх”, у Катар, а потым у Вашынгтон. Гэтыя афіцэры абшуквалі офісы, але яны не чыталі ані па-арабску, ані па-расейску. Мы там знайшлі нейкія прылады зь Югаславіі, яны нават палічылі, што гэта расейскае, дык я ім растлумачыў, што гэта зь Югаславіі. Гэтак і з факсам, пра які мы вядзем размову – яны не маглі яго прачытаць, таму і не маглі зразумець, што гэта такое.

Уявіце сябе. Адзіны офісны пакой у будынку, у ім стаіць адчынены сэйф, амаль пусты, на падлозе валяюцца паперы, разбітыя вокны , разарваныя партрэты Хусэйна. Вось у такіх умовах я гэтую паперу і знайшоў”.

(Дракахруст: ) “Рон, некаторыя беларускія афіцыйныя прадстаўнікі намякалі на тое, што ніякага факсу зь беларускага ваеннага заводу Вы не знаходзілі, што гэта – падробка, якую Вы атрымалі ад амэрыканскіх спэцслужбаў, ад ЦРУ, якое такім чынам хацела падарваць прэстыж Беларусі”.

(Сынавіц: ) “Такія тлумачэньні мяне асабліва пераконваюць у тым, што нехта ў Беларусі адчувае сябе вельмі няўтульна з прычыны гэтага ліста. Такія абвяржэньні – гэта лухта. Я быў са 115-м палком 3-й пяхотнай дывізіі, гэта былі звычайныя салдаты, які ішлі ў авангардзе наступу на поўнач Багдаду. Ніякіх агентаў ЦРУ там і блізка не было.

Варта зьвярнуць увагу і на час. Гэта быў пачатак другога тыдня красавіка. Невядома, жывы ці мёртвы Садам Хусэйн, у Багдадзе ішлі баі. Калі агенты ЦРУ ў Іраку і былі, то яны мелі нашмат больш важны клопат, чым падрабляць паперы пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Іракам. Я бачыў у Іраку людзей ЦРУ, але іх цікавіла ўтрутрыпалітычная сытуацыя ў Іраку, яны шукалі, як могуць паспрыяць антыхусэйнаўскаму перавороту. Беларускія чыноўнікі перабольшваюць сваё значэньне, калі лічаць, што агенты ЦРУ, якія мелі задачу скінуць рэжым Хусэйна, трацілі час, гуляючы з адносна нязначным факсам, які нават не даказвае, што Беларусь удзельнічала ў продажы зброі ў Ірак. Размова ідзе толькі пра тое, што Міністэрства абароны Беларусі ўскосна прапаноўвала іракцам тэхнічную дапамогу, як рамантаваць зламаныя танкі савецкіх часоў”.