ЛЕЦІШЧЫ — НЕ АДПАЧЫНАК, А СРОДАК ВЫЖЫВАНЬНЯ

Галіна Абакунчык, Менск

Пра сэнс працы на лецішчах цяжка было гаварыць з моладзьдзю: уласных градаў яны альбо ня маюць, альбо не бываюць там, калі нават яны ёсьць у бацькоў. А людзі сярэдняга і сталага веку казалі, што лецішчы для іх — не адпачынак, а найперш цяжкая праца.

(Карэспандэнтка: ) “На лецішчах вы больш адпачываеце ці працуеце?”

(Спадар: ) “Больш працую. Саджу агарод: цыбулю, буракі, кроп, бульбу”.

(Спадарыня: ) “Для нашых людзей гэта больш праца, а хацелася бы, каб гэта быў адпачынак”.

(Спадарыня: ) “Больш працы там: і капаем, і полем, і сеем, і ўбіраем. Словам, там толькі працуеш і больш нічога. Ніякага адпачынку няма”.

(Спадар: ) “Для нас адпачынак — гэта праца. З жонкай удваіх апрацоўваем гэтую зямлю: вось вычысьцілі сад, вычысьцілі ў двары. Крыху пасадзілі чаго. Вось нашае жыцьццё так там і праходзіць”.

(Спадарыня: ) “Для мяне лецішча — гэта цяжкая праца. У мяне ўжо рукі адвальваюцца. Іду, вось, што нясу і не магу нясьці. Вельмі цяжкая праца”.

(Спадарыня: ) “Няма калі адпачываць, працую й працую да самага вечара. Прыяжджаеш, стамілася — і цэлы дзень затым мусіш адпачываць”.

(Спадар: ) “Вядома, працую, вы што? Лецішча — гэта ж сродак выжыць”.

Толькі некаторыя з маіх выпадковых суразмоўцаў казалі, што працавалі б на лецішчах дзеля задавальненьня. Бальшыня ж заявіла, што яны хацелі б там адпачываць, але з прычыны недахопу грошай вымушаныя працаваць, каб пракарміцца.

(Спадарыня: ) “Лецішча — гэта праца: саджу бульбу, капусту, памідоры й агуркі”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі была бы магчымасьць гэта набыць за грошы — ці працавалі бы?”

(Спадарыня: ) “Не, не працавала бы”.

(Спадар: ) “Лецішча — гэта для душы. Працаваў усё роўна бы”.

(Спадарыня: ) “Калі былі б грошы набываць гародніну, не працавала бы нізавошта”.

(Спадар: ) “Канечне, выгада ёсьць: свой бурачок і моркаўка — а пайдзі купі ў краме, усё па тысячы рублёў каштуе. А ў нас пэнсія 100 тысяч. Але калі б была большая й можна было б купіць — нізавошта не працаваў бы”.

(Спадарыня: ) “Я зь лецішча і бульбу, і ягады ваджу. А каб была магчымасьць гэта набыць, я адпачывала бы. Каб была магчымасьць, я дома сядзела бы, а даводзіцца працаваць”.

(Спадар: ) “Каб была магчымасьць, то пэўна ж не працаваў бы. Пасадзіў бы сад, кветкі й адпачываў бы. Мне тым больш цяжка, што жонка хворая. Але ўжо прывык”.

Гэта былі меркаваньні менчукоў пра патрэбу працаваць на лецішчах.