ГАНДЛЯРЫ “ТРАКТАРУ” НЯ ХОЧУЦЬ ЗЬЯЖДЖАЦЬ НА ЎСКРАІНУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле рашэньня Заводзкага райвыканкаму Менску, рынак на стадыёне “Трактар” павінны былі закрыць 1 траўня, а гандляроў перавесьці на іншыя рынкі на ўскрайку гораду. Аднак выканаць гэтае рашэньне пакуль не ўдаецца з прычыны супраціву мясцовых гандляроў. Яны аб’ядналіся ў ініцыятыўную грыпу і праз грамадзкую арганізацыю “Пэрспэктыва” пачалі перамовы з раённай адміністрацыяй. Паралельна накіраваны ліст у пракуратуру і гарвыканкам, а таксама вядзецца збор подпісаў пад зваротам у АБСЭ. Чым не задаволеныя гандляры рынку “Трактар”?

Сёньня на рынку працавалі толькі гандляры, якія спэцыялізуюцца на продажы аўтазапчастак. Мікалай, які працуе на “Трактары” больш за чатыры гады, абураецца дзеяньнямі раённых уладаў.

(Мікалай: ) “Мы глядзім тэлебачаньне, слухаем радыё. Нам кажуць, што ў нас дэмакратычная прававая дзяржава. Вось мы і хочам скарыстацца нашымі правамі. З намі ня лічацца, ды яшчэ й не тлумачаць, чаму спатрэбілася зачыняць гэты рынак. Гэта проста бяспраўе”.

Паводле ягоных падлікаў, на рынку працуе да тысячы прыватных прадпрымальнікаў і іх наёмных гандляроў. Раптоўны пераезд пагражае ім стратай прыбыткаў, а значыць, адаб’ецца на іхных сем’ях. Да таго ж паменеюць падаткі у гарадзкую казну, а жыхары чвэрці гораду згубяць магчымасьць набываць танныя рэчы на блізкім рынку.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” прадпрымальнік Анатоль Шомчанка, які вядзе перамовы з уладамі ад імя гандляроў, таксама кажа пра авантурныя дзеяньні кіраўнікоў Заводзкога раёну. Паводле Анатоля Шомчанкі, летась у кастрычніку гарадзкія ўлады паабяцалі гандлярам з “Трактару”, што цягам году іх рынак зачыняць ня будуць. Але раённая адміністрацыя парушыла гэтую дамову і загадала зьяжджаць ужо цяпер. Анатоль Шомчанка кажа, што яны будуць аспрэчваць гэты загад і гатовыя на “адэкватныя дзеяньні”.

(Шомчанка: ) “Калі сёньня тут няма трактароў, няма бульдозэраў ды міліцыі, каб рынак закрыць, то ў выпадку падобных дзеяньняў і мы будзем весьці сябе больш актыўна. А пакуль спрабуем дамовіцца з уладамі . Але мушу адзначыць, што рабіць гэта вельмі цяжка. Прыкладам, у мінулую пятніцу на адпаведную нараду ў гарвыканкаме мяне нават не пусьцілі”.

Улады Заводзкага раёну тлумачаць неабходнасьць пераезду санітарнымі нормамі ды загадам гарвыканкаму, які летась вырашыў зрабіць гандаль у сталіцы больш цывілізаваным. Паводле рашэньня гарвыканкаму, сёлета павінен быў перехаць на ўскраіну і рынак стадыёну “Дынама”. Але ад гандляроў з “Дынама” часова адчапіліся. Быццам адтэрміноўку далі таму, што прыбыткі стадыёну ад гандлю мусяць дапамагчы беларускім спартоўцам падрыхтавацца да Алімпіяды ў Атэнах.