"Тры пятыя". 3 траўня
Сёньня найпершы сялянскі клопат – сяўба. У адрозьненьне ад мінулых гадоў, вяскоўцаў зараз больш хвалюе не калгас, дзе амаль ня плацяць, а ўласныя прысядзібныя ўчасткі, зь якіх людзі фактычна жывуць. Нягледзячы на тое, гэты клін няўхільна зьмяншаецца. У чарговай перадачы з сэрыі пра жыцьцё рэгіёнаў "Тры пятыя" размова пойдзе пра тое, чаму так адбываецца. Праграму падрыхтаваў і вядзе Аляксандар Уліцёнак.
"Праскі акцэнт". 4 траўня
Адразу некалькі грамадзкіх дэмакратычных арганізацыяў у Беларусі апынуліся пад пагрозай закрыцьця. Міністэрства юстыцыі зьвярнулася з пазовамі ў суд на гарадзенскае аб’яднаньне “Ратуша”, агенцтва “Варута” з Баранавічаў і Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз. Што гэта – працяг звычайнай рэпрэсіўнай практыкі ці пачатак новай палітычнай кампаніі? І што могуць проціпаставіць палітыцы ўладаў грамадзкія арганізацыі? Над гэтым разважаюць удзельнікі чарговай перадачы “Праскі акцэнт”: па тэлефоне зь Менску – лідэр жаночага руху “Адраджэньне Бацькаўшчыны” Тацяна Ваніна і з Горадні – кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша” Аляксандар Мілінкевіч. Вядзе перадачу Віталь Тарас.
“Вольная студыя”. 4 траўня
Паўгоду таму былі замененыя галоўныя рэдактары дзяржаўных літаратурных пэрыёдыкаў. Ад гэткага кадравага ператрусу не выпадала чакаць станоўчых вынікаў. Рэзка зьменшыліся наклады, часопіс “Крыніца” быў пераназваны ў “Славянскі сьвет”, а “Нёман” стаў друкаваць маскоўскіх аўтараў. Поруч зь імі найбольш прывабна выглядае сёньня часопіс “Маладосць”, якому нядаўна споўнілася 50 гадоў. Яго новая рэдактарка Раіса Баравікова змагла дамагчыся ранейшай штомесячнай пэрыядычнасьці, паразумецца з таленавітымі аўтарамі, палепшыць дызайн выданьня. Яна заклікае забыць старыя крыўды й запрашае на “маладосьцеўскія” старонкі Васіля Быкава й Янку Брыля... З новай рэдактаркай старога часопісу гутарыць Міхась Скобла ў нядзельнай “Вольнай студыі”.
“Паштовая скрынка 111”. 4 траўня
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Анатоль Арэшка з украінскага сяла Дамашлін Карукаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці, Мікалай Лясовіч і Андрэй Баброў зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– дзеляцца меркаваньнямі пра тое, ці хутка сярод беларусаў можа зьявіцца ляўрэат Нобэлеўскай прэміі;
– разважаюць пра спосабы абароны эўрапейскіх краінаў ад нелегальнай эміграцыі з ісьлямскага сьвету;
– распавядаюць пра жыцьцё ва ўкраінскай вёсцы пасьля распаду калгаснай сыстэмы;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.