На пытаньне “Ці адчуваеце вы сваю сацыяльную абароненасьць?” амаль усе мае выпадковыя суразмоўцы адказвалі адмоўна. Некаторыя казалі, што абароненасьць адчуваюць, але толькі часткова.
(Спадар: ) “Адчуваю, відаць, але вельмі й вельмі слаба. Толькі ў рэдкіх выпадках. Бюлетэнь нейкі дадуць – вось у гэтым сацыяльная абароненасьць, відаць, і ўся”.
(Спадарыня:) “У сына заробак, увогуле добры, бо прадпрыемства рэнтабэльнае. У садку кошты прымальныя. Але гэтак далёка ня ўсюды”.
(Спадар: ) “Я просты рабочы – вось і ўсё. А цяпер, калі за навучаньне дзяцей даводзіцца шмат плаціць, то гэта вельмі й вельмі цяжка. Даводзіцца цяжка працаваць. Упірацца трэба, вось”.
Але пераважная бальшыня апытаных казалі, што не адчуваюць ніякай сацыяльнай абароненасьці. А разважаньні на гэтую тэму высокіх чыноўнікаў яны называюць паказухай і падманам:
(Спадар: ) “Не адчуваю сацыяльнай абароны абсалютна. Каб нармалёва жыць, цяпер трэба атрымліваць хаця б даляраў 200-250. А ў нас сярэдні – каля ста. На адзін заробак не пражывеш”.
(Спадарыня: ) “Не, не адчуваю. Я працую дворнікам, і за свае гэтыя грошы не магу забясьпечыць свой побыт, дзяцей. Ну, і адпачыць мы таксама ня можам так, як бы хацелася”.
(Спадар: ) “Да прыкладу, як я, дык ем вельмі мала, апрануцца – што знайшоў у тым і пайшоў. Адпачынак – толькі з суседам у шашкі. Можна сказаць, што толькі надзеяй і жыве чалавек зараз”.
(Спадарыня: ) “Інвэстыцыі патрэбныя, разьвіцьцё высокіх тэхналёгіяў. Калі паднімаць узровень прамысловасьці й эканомікі ўвогуле, то тады й сацыяльная абароненасьць насельніцтва будзе лепшая”.
(Спадарыня: ) “Я бы не сказала, што нашыя прафсаюзы нас абараняюць, забясьпечваюць працай. Хацелася б, каб было лепей, каб яны больш клапаціліся пра нас”.
(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта ўсё толькі паказуха. Насамрэч няма ніякіх прафсаюзаў і нічога. Я не адчуваю ніякай абароненасьці ні на сабе, ні на сваім дзіцяці”.
(Спадар: ) “Ніякай сацыяльнай абароны. Усё толькі словы”.