ТРЫЮМФАТАРУ ЖНІВА-2002 ПРЫСУДЗІЛІ 3 ГАДЫ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

За скасаваньне прысуду мэханізатару Пятру Пільневічу цяпер змагаецца толькі ён сам ды ягоны адвакат Вера Страмкоўская. Напарнік Пільневіча камбайнэр Уладзімер Бондараў атрымаў умоўнае пакараньне і барацьбу не працягвае. Кіраўніцтва Клецкага раёну, якое вылучала Пільневіча ў трыюмфатары жніва-2002, гэтак сама, як і начальства калгаса "Кастрычнік", дзе ён працуе, ды саўгаса "Рудзенскі", на палетках якога быў пастаўлены лжэ-рэкорд – усе моўчкі пагадзіліся з рашэньнем Пухавіцкага суду. Ніводная з гэтых установаў ня выступіла ў абарону мэханізатараў. Прамаўчалі і сельскагаспадарчыя начальнікі абласнога ды рэспубліканскага узроўню, якія ў свой час не праверылі дадзеныя спаборніцтва і абвесьцілі Бондарава зь Пільневічам пераможцамі жніва.

Пільневіч паспрабаваў аспрэчыць вырак раённага суду у абласным судзе, але там яго пакінулі ў сіле. Цяпер надзея толькі на Вярхоўны суд, але пакуль ён адмовіўся прыпыняць выкананьне прысуду. Такім чынам, Пятра Пільневіча ў любы момант могуць адправіць на тры гады ў турму. Між тым, вінаватым ён сябе не прызнае і лічыць, што стаў ахвярай прапагандысцкага шоў пад назвай "Жніво-2002". Вось як ён патлумачыў тое, што адбылося:

(Пільневіч: ) "Рэвізійныя камісіі павінны былі гэта адсачыць. Паўсюль, куды мы падавалі гэтыя паперы. Мы ж не маглі столькі людзей падмануць ці ўгаварыць. Проста адбылася памылка, а далей ніхто яе не знайшоў".

(Карэспандэнт: ) "А вы самі хаця б прыблізна ведалі, колькі намалацілі?"

(Пільневіч: ) "Дакладныя тоны ня ведалі. Гэта ня наш абавязак, падлічваць. Дзеля гэтага ёсьць адпаведныя людзі на пасадах, якія павінны былі выконваць сваю працу, а ня мы за іх".

Паводле Пятра Пільневіча, ягоныя калегі спачуваюць яму і вельмі абураюцца усёй гэтай гісторыяй. Лічаць, што начальнікі зрабілі крайнімі простых мэханізатараў, за якіх няма каму заступіцца. Абаронца мэханізатара, вядомы менскі адвакат Вера Страмкоўская зьдзіўляецца яшчэ адной акалічнасьці. Яна сьцьвярджае, што дагэтуль ня ведала выпадку, каб прысуд аб зьняволеньні ня быў адразу выкананы . Вера Страмкоўская не выключае, што прычынай адтэрміноўкі ёсьць неафішаваная, але сапраўдная салідарнасьць калгасьнікаў з асуджанымі камбайнэрамі. Што да самой справы, адвакат лічыць, што пры аб'ектыўным аналізе стане відавочнай невінаватасьць мэханізатараў:

(Страмкоўская: ) "Гэты прысуд незаконны, яго трэба адмяніць, і мы будзем гэтага дамагацца, а таксама дамагацца, каб прыпынілі яго выкананьне і ўжо зараз ня бралі чалавека пад варту".