МІЛІЦЫЯ АДМАЎЛЯЕЦЦА ЗАВОДЗІЦЬ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ПАВОДЛЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯ БЫЛОГА СТАРШЫНІ ПРАЎЛЕНЬНЯ БАНКУ “БЕЛБАЛТЫЯ” З.АМЕЛЬЯНОВІЧА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Банк “БелБалтыя” збанкрутаваў два гады таму, не вярнуўшы грашовых укладаў тысячам сваіх кліентаў. А за некалькі месяцаў да банкруцтва, у жніўні 2000 году, у Празе бясьсьледна зьнік былы старшыня праўленьня гэтага банку Зьміцер Амельяновіч. На момант зьнікненьня банкіра супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу аб выкраданьні грошай, і неўзабаве беларуская міліцыя абвесьціла, што банкір хутчэй за ўсё хаваецца ад адказнасьці. Мінула тры гады, а гэтая вэрсія ў сьледчых застаецца галоўнай.

Між тым, сваякі зьніклага банкіра і праваабаронцы не выключаюць, што Зьмітра Амельяновіча зьнішчылі, каб сьпісаць на яго шматлікія махінацыі з грашыма і маёмасьцю банку, і ў гэтым могуць быць замешаныя асобы з праваахоўчых органаў. Падставы для такой вэрсіі зьявіліся, калі сваякі паспрабавалі самі адшукаць сьляды зьніклага банкіра. Летась ягоны айчым Аляксандар Сакалоўскі паехаў у Чэхію, дзе атрымаў ад чэскай паліцыі дзіўныя зьвесткі.

(Сакалоўскі: ) “Гэты адказ мне далі ў праскай паліцыі, спаслаўшыся на чэскі Інтэрпол. Што ніякіх зьвестак пра ягонае месцазнаходжаньне няма, але што з Чэхіі ён не зьяжджаў. І самае галоўнае, што чэскі Інтэрпол спыніў пошукі Зьмітра пасьля адпаведнай просьбы беларускага боку”.

У тым, што беларускі Інтэрпол і беларуская міліцыя не зьбіраюцца шукаць Зьмітра Амельяновіча, ягоныя сваякі пераканаліся і ў Менску, дзе шмат разоў зьвярталіся ў сьледчы камітэт, пракуратуру і раённую міліцыю Ленінскага раёну Менску, на тэрыторыі якога быў прапісаны зьніклы банкір. Урэшце менавіта з гэтай установы прыйшла адмова ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Старшы лейтэнант міліцыі Бушкевіч спаслаўся на тое, што супраць Амельяновіча ў Беларусі не было ўчыненае злачынства, а таму і расьсьледаваць няма чаго.

На думку праваабронцаў, да якіх па дапамогу зьвярнуліся сваякі зьніклага, у сьледчых якраз ёсьць над чым працаваць. Намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла сьцьвярджае, што ў Менску зьявіўся аўтамабіль, на якім да зьнікненьня езьдзіў Зьміцер Амельяновіч. Як ён апынуўся ў Беларусі, хто ім цяпер валодае — гэта, на думку Гары Паганяйлы, павінна зацікавіць сьледчых. Але не цікавіць. Чаму? Праваабаронца таксама не выключае, што пэўныя асобы ў праваахоўчых структурах не зацікаўленыя ў тым, каб лёс Амельяновіча быў высьветлены.

(Паганяйла: ) “Відаць, выгадна лічыць, што Амельяновіч зьнік, уцёк ад суду і сьледзтва, крымінальную справу аб злачынствах у банку пабудаваць на тым, што ён ва ўсім вінаваты — і гэтым самым зьняць адказнасьць з астатніх асобаў, у тым ліку і за нявыплату грошай укладчыкам”.

Паводле зьвестак, на дзейнасьць банку “БелБалтыя” сапраўды маглі аказваць уплыў асобы зь сілавых структураў. У прыватнасьці, адзін з адказных супрацоўнікаў міліцыі, які цяпер у адстаўцы, быў сузаснавальнікам банку, і ягоны ўнёсак у статутны фонд банку склаў амаль мільён даляраў. Між тым, няма зьвестак, што гэта зацікавіла сьледзтва.