“БДГ” атрымала другое папярэджаньне Міністэрства інфармацыі. Першае было за паведамленьне пра тое, што на пахаваньні былога паплечніка А.Лукашэнкі і экс-міністра транспарту Аляксандра Лукашова, які скончыў жыцьцё самагубствам, не было цяперашняга міністра Міхаіла Баравога. Апошні давёў у лісьце ў Мінінфармацыі, што на пахаваньні быў.
Другое папярэджаньне Міністэрства інфармацыі вынесла “БДГ” за перадрук з расейскай прэсы паведамленьня пра тое, што А.Лукашэнка даў свой пэрсанальны самалёт для таго, каб міс Расеі Сьвятлана Каралёва, якая была ў журы на леташнім конкурсе “Міс Беларусь”, змагла вярнуцца ў Маскву.
Міністар інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны так ацаніў гэтыя публікацыі:
(Падгайны: ) “Адкрытая мана, сапраўдная лухта папросту. Калі я сустрэну Пятра Марцава на гэтых мерапрыемствах, выставе “СМІ Беларусі”, у мяне будзе зь ім вельмі сур’ёзная размова. Дарэчы, “БДГ” раней не “праколвалася” на падобным… Калі ж не сустрэну, то папярэджаньне ўсё роўна вынесу, у мяне ёсьць афіцыйная даведка, якую мне прадставіла “Белавія”. Яны зьбіраюцца яшчэ і ў суд падаваць за тое, што нанесеныя страты дзелавой рэпутацыі “Белавія”.
Кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў лічыць гэтыя папярэджаньні ціскам на незалежную прэсу за крытычныя матэрыялы і кажа, што папярэджаньні могуць мець сур’ёзныя наступствы:
(Пастухоў: ) “Фактычна Міністэрства інфармацыі пасьля вынясеньня двух папярэджаньняў мае фармальныя падставы для пастаноўкі пытаньня аб закрыцьці газэты ў судовым парадку. Іншая справа, ці будзе міністэрства рэалізоўваць такое права, паколькі гэта выкліча калясальны грамадзкі і міжнародны рэзананс. Тое, што ўлада не задаволеная выступленьнямі незалежных выданьняў — відавочна”.
Галоўны рэдактар “БДГ” Пётар Марцаў упэўнены, што пакуль гэтыя папярэджаньні, паводле закону аб СМІ, не пагражаюць выхаду ягонай газэты. І прынамсі першае зь іх — папярэджаньне за публікацыю пра Лукашова — “Белоруская деловая газета” будзе аспрэчваць. Паводле Пятра Марцава, газэта мае пяць сьведкаў на карысьць праўдзівасьці сваёй публікацыі.
(Марцаў: ) “Такая задача — разабрацца з газэтай — стаіць ужо даўно, і, як заўсёды, у чыноўніцкім сьвеце робяцца такія спробы ў выглядзе кампаніі. Цяпер чарговая кампанія. Гэта, відаць, наступства ідэалягічнай нарады, дзе паводле нашай інфармацыі, прэзыдэнт абураўся нашай газэтай. Пасьля гэтага начальнік галоўнага прававога ўпраўленьня адміністрацыі пабываў у Мінінфармацыі. І вось цяпер барацьба ідзе па ўсіх франтах”.
Пётар Марцаў мае зьвесткі, што ягоную газэту зьбіраюцца папярэдзіць і за перавышэньне плошчы рэклямы. Ціск на газэту працягваецца з 1995 году.