“РАТУША ПРОСІЦЬ ДАПАМОГІ”

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Rzeczposplita” падае словы Аляксандра Мілінкевіча, які называе абсурднымі абвінавачаньні, што высунулі супраць “Ратушы” гарадзенскія ўлады. Мілінкевіч, аднак, ня верыць у тое, каб беларускі суд прыслухаўся да ягоных аргумэнтаў, бо ад 1994 году ў Беларусі ніводная недзяржаўная арганізацыя ня выйграла падобнага судовага працэсу.

Польскі штодзёньнік адзначае, што справа “Ратушы” можа стаць пачаткам масавага наступу беларускіх ўладаў на трэці сэктар, каб пазбавіць грамадзянскую супольнасьць шанцаў паўплываць на вынікі будучых парлямэнцкіх выбараў і магчымага рэфэрэндуму.

“Rzeczpospolita” таксама піша, што на запрашэньне “Ратушы” ў Беларусь прыяжджалі шэраг вядомых грамадзкіх дзеячоў з Польшчы, у тым ліку і з Польскай Гельсынскай Фундацыі, таму цяпер гарадзенскія актывісты разьлічваюць на іхную падтрымку.

У Польскай Гельсынскай Фундацыі пакуль ня вырашана, якія канкрэтныя захады гэтая арганізацыя зробіць, каб дапамагчы “Ратушы”. Аднак, як кажа экспэрт Фундацыі ў справах Беларусі Марэк Шымчык, магчымасьці рэальнага ўплыву на беларускія ўлады вельмі малыя.

(Шымчык: ) “Перадусім гэта можа быць дапамога маральная. Мы можам выступіць з адпаведным зваротам да беларускіх ўладаў. Аднак цяжка сказаць, ці прынясуць нашыя захады нейкі рэальны вынік. Усе добра ведаюць, як выглядае судовая сыстэма ў Беларусі і чым канчаюцца судовыя працэсы ў такога тыпу справах. Цяпер улады хочуць зьліквідаваць найбольш актыўныя грамадзкія арганізацыі. Пытаньне толькі, хто будзе наступны”.