ЧАМУ СЬЛЯПЫЯ ЛЮДЗІ НЯ МОГУЦЬ КАРЫСТАЦЦА БЕЛАРУСКІМІ БАНКАМІ?

Любоў Лунёва, Менск

Сьляпыя людзі ня могуць карыстацца банкаўскай сыстэмай. Ім не адмаўляюць толькі ў тым выпадку, калі яны плацяць за камунальныя паслугі, робяць іншыя віды грашовых выплатаў дзяржаве, у тым ліку й падаткі. А вось на асабістыя грашовыя ўклады яны ня маюць права.

Я спыталася, як гэта адбываецца насамрэч у жыхара Бабруйску Васіля Слабко. Ён інвалід зроку першай групы зь дзяцінства. Спадар Слабко працуе ў бабруйскім таварыстве сьляпых. Менавіта гэтыя людзі робяць электраразэткі, якія карыстаюцца попытам ня толькі ў Беларусі. Калі ён зьвярнуўся ў банк, каб адкрыць грашовы рахунак, яму адмовілі.

Адміністратарка банку загадала сваім супрацоўнікам не рабіць зь ім ніякіх банкаўскіх апэрацыяў. Яна параіла Васілю зьвярнуцца ў натарыяльную кантору і заключыць даверанасьць зь якім-небудзь чалавекам, каб той дзейнічаў ад ягонага імя. Гэтая натарыяльная паслуга таксама каштуе грошай — і не малых для інвалідаў. Даверанасьць на сваяка каштуе 13300 рублёў, на іншага чалавека — удвая даражэй. Спадар Слабко паскардзіўся, што ягоная жонка таксама інвалід зроку і знаходзіцца ў такім жа стане.

Нядаўна Васіль атрымаў зь Нямеччыны 800 эўра — кампэнсацыю за свайго памерлага бацьку. З-за няўвагі супрацоўнікаў банку ён чатыры разы перапісваў даверанасьць, бо яны то ня той нумар рахунку напісалі, то ня той нумар аддзяленьня банку.

У савецкі час сьляпыя маглі карыстацца банкаўскімі паслугамі. Кантралёры запаўнялі самі ўсе неабходныя паперы, і дачыненьні грунтаваліся на даверы. Цяпер, відаць, адміністрацыя не давярае сваім супрацоўнікам. Але інваліды з гэтае прычыны пазбаўленыя права мець свае рахункі, каб туды ішлі грошы з пэнсійнага фонду і зь нейкіх інвалідных фондаў.

Дырэктар Нацбанку патлумачыў, што ніякіх распрацовак на гэты конт няма. Відаць, яны і не спрабавалі вырашыць гэтае пытаньне. Самі інваліды спасылаюцца на досьвед іншых краінаў. Яны, напрыклад, з задавальненьнем карысталіся б гукавымі кампутарамі. Ім было б зручна мець з сабой нейкую дыскету альбо картку. Картку можна ўкласьці ў спэцыяльнае прыстасаваньне і пачуць, колькі грошай на рахунку і колькі паступіла. Але, напэўна, ёсьць нейкія іншыя варыянты. Галоўнае — даць магчымасьць інваліду адчуць сябе паўнапраўным грамадзянінам.