БАЦЬКА І СЫН КАЗЕКІ ВЫСТУПІЛІ З АПОШНІМ СЛОВАМ НА СУДЗЕ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

29 красавіка Віктар і Андрэй Казекі выступілі з апошнім словам на працэсе, які больш за два месяцы ішоў у Менскім гарадзкім судзе. Як бацька, гэтак і сын Казекі вінаватымі сябе не прызналі, а ўзбуджаныя супраць іх крымінальныя справы патлумачылі супрацьдзеяньнем мафіёзных структураў у гарэлачным бізнэсе. Прычым, гэтыя структуры, як лічыць Віктар Казека, маюць заступнікаў у сілавых структурах краіны.

(Казека: ) “Мая прынцыповая пазыцыя ў справе ліквідацыі пасярэднікаў і розных мафіёзных структураў, якія прыкрываюцца імёнамі афганцаў, і прывяла да барацьбы супраць мяне і фабрыкацыі крымінальнай справы”, — заявіў суду Віктар Казека.

Паводле яго, восеньню 2001 году ён падпісаў два загады, якія зьмянілі правілы паставак сыравіны на гарэлачныя заводы. Гэтыя загады нібыта ўдарылі па інтарэсах пасярэднікаў, у тым ліку фірмы “Афганвет”, якая супрацоўнічала зт менскім гарэлачным заводам “Крышталь”. Паводле Віктара Казекі, прадстаўнікі фірмы прапаноўвалі яму адмяніць загады, але ён не пагадзіўся. Не саступіў ён і пасьля тэлефанаваньня аднаго адказнага супрацоўніка Савету Бясьпекі. Віктар Казека не назваў ягонага імя. Затое ён назваў прозьвішча намесьніка старшыні КГБ Сухарэнкі, які нібыта выказваўся за прэфэрэнцыі камэрцыйнай фірме, якую ўтварылі афганскія вэтэраны.

(Казека: ) “У сьнежні 2001 году я быў запрошаны для размовы першым намесьнікам старшыні КГБ Сьцяпанам Сухарэнкам, які ад імя высокай службовай асобы ў пракуратуры выказаў меркаваньне пра неабходнасьць стварэньня льготных умоваў для фірмы “Афганвет” на заводзе “Крышталь”.

Далей, паводле Віктара Казекі, пачаў раскручвацца махавік рэпрэсіяў супраць ягонай сям’і. Быў арыштаваны і абвінавачаны ў хабарніцтве ягоны сын Андрэй, а калі і гэта не дапамагло зьмяніць ягоную пазыцыю што да прэфэрэнцыяў, таму ён і быў арыштаваны.

Віктар Казека кажа, што сьледзтва прымусіла сьведкаў даць фальшывыя паказаньні. Доказам гэтага ён лічыць тое, што супраць многіх сьведкаў узбуджаліся крымінальныя справы, якія былі спыненыя, калі сьледзтва атрымала ад іх патрэбныя прызнаньні. Абвінавачаны зьвярнуў увагу суду і на тое, што пасьля ягонага арышту новым кіраўніцтвам канцэрну “Белдзяржхарчпрам” тыя ліхія загады адразу былі адмененыя.

12 гадоў турмы за хабарніцтва запрасіла пракуратура для былога прэзыдэнта канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктара Казекі, а ягонага сына Андрэя, былога адказнага супрацоўніка гарэлачнага заводу “Крышталь”, пракуратура просіць пакараць 10 гадамі зьняволеньня. Сьледзтва лічыць віну абодвух у вымаганьні хабару і атрыманьні тысяч даляраў даказанай, а расповеды пра “мафію ў гарэлачным бізнэсе” спробай пазьбегнуць адказнасьці за ўчыненыя злачынствы.