ЦІ ЗЬЯВІЦЦА САРС У КРАІНАХ УСХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ?

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У Пэкіне і Ганконгу амаль кожны чалавек незалежна ад полу, узросту, ці прафэсіі носіць дыхальную маску. Гэткім чынам людзі бароняць сябе ад САРСу – вірусу, які яшчэ называюць вірусам нетыповай пнэўманіі.

Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя, выбух хваробы ў некаторых рэгіёнах (напрыклад Канадзе, Сінгапуры, Ганконгу і Віетнаме) ужо дасягнуў свайго максымуму. Але рост хваробы ў Кітаі і суседніх краінах працягваецца. У сувязі з гэтым заўтра ў Бангкоку зьбяруцца кіраўнікі паўдзённа-ўсходніх азыяцкіх краінаў, каб абмеркаваць шляхі супрацоўніцтва ў барацьбе супраць САРСу. Учора ж Тайвань забараніў якія б там ні было візыты на сваю тэрыторыю з краінаў, у якіх знойдзены вірус. У Расеі, Чэхіі, Харватыі, Украіне, Азэрбайджане і Казахзстане быў зафіксаваны шэраг падазроных выпадкаў хваробы на САРС, але ўсе яны пакуль не пацьвердзіліся.

Прадстаўніца Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя ў Жэнэве Марыя Чэнг кажа, што ў абароне Ўсходняй Эўропы і Сярэдняй Азіі ад САРСу вялікую ролю адыграла ўдача: “САРС, які зьявіўся ў паўдзённа-кітайскай правінцыі Гуандунг, хутка быў перанесены ў Ганконг. На жаль, там інфікаваны чалавек застаўся ў гатэлі, дзе былі таксама людзі з Сынгапуру, Канады і Віетнаму, якія панесьлі вірус у свае краіны. Калі б там быў нехта з Румыніі альбо Чэхіі – вірус быў бы занесены й туды. Напрыклад, у Канду вірус прынесла жанчына, якая вярнулася туды з Ганконгу, але на ейным месцы лёгка маглі б апынуцца людзі з Аўстраліі, Гішпаніі, Італіі, ці адкуль-небудзь яшчэ”.

Вялікую ролю ў хуткім распаўсюджаньні вірусу адыграла тое, што ня многія лекары маглі яго вызначыць, не гаворачы пра тое, каб папярэдзіць ягонае распаўсюджаньне. Але потым, у сярэдзіне сакавіка, Усясьветная Арганізацыя Аховы Здароўя выдала глябальнае папярэджаньне на конт хваробы. Чэнг кажа, што ўвага да праблемы адразу павялічылася, і гэта дазволіла спыніць распаўсюджаньне САРСу.

Прадстаўнік Усясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя Дэвід Хэйман на пытаньне пра пэрспэктывы спыніць распаўсюджаньне САРСУ адказаў: “Не. Пакуль мы ня можам. Але мы спадзяемся”.

У сваю чаргу, Марыя Чэнг на пытаньне, ці ёсьць небясьпека распаўсюджаньня вірусу праз кітайскую мяжу на тэрыторыю Расеі й Сярэдняй Азіі, адказала: “Мы спадзяемся, што пры слушных працэдурах экранаваньня, калі ад людзей будуць дамагацца, каб яны кантралявалі сваё здароўе ў пляне якіх заўгодна падазрэньняў на САРС, распаўсюджаньне хваробы можна будзе спыніць”.