З КОЖНЫМ ГОДАМ У ПАРК ЛЯ ЦАРКВЫ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ЧАРНОБЫЛЯ ПРЫХОДЗІЦЬ УСЁ МЕНШ ЛІКВІДАТАРАЎ

Любоў Лунёва, Менск

З кожным годам усё менш ліквідатараў прыходзіць у гэты парк. Сярод ліквідатараў людзі розных прафэсіяў. Гэта й кіроўцы вялізных аўтамабіляў, і супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўвалі рэактар і зону адсяленьня ад марадзёраў, і пажарныя, і інжынэры-энэргетыкі ды іншыя. Усіх іх аб’ядноўвае вялізны букет хваробаў і вялікая крыўда на дзяржаву, якая пакінула іх без усялякай дапамогі.

(Уладзімер: ) “Мне ўжо ліквідавалі шчытападобную залозу. Я цяпер інвалід. Цалкам згубіў здароўе. А, што зробіш?… У мяне не пыталіся. Сказалі: “Паедзеш!” Ну і паехаў”.

(Аляксандар: ) “Не. Хтосьці павінен ратаваць Радзіму. Калі я не паеду, то хто паедзе. Я ж інжынэр-атамнік. Я ведаў ўсе тыя рэчы, ведаў пра ўсё страшнае… За мной мая сям’я стаяла, Радзіма, людзі стаялі… Мы думалі, што радзіма пра нас не забудзецца”.

(Валер: ) “Патрэбна ж нешта рабіць, каб было крыху лягчэй інвалідам”.

Ліквідатары паскардзіліся, што Лукашэнка іх ігнаруе, а калі да яго зьвяртаюцца на афіцыйных мерапрыемствах, то дае ім зьдзеклівыя парады.

(Міхал: ) “Ён да нас не падышоў. Я яго прасіў: “Таварыш, Лукашэнка! Падыдзіце да нас”. А ён не падышоў. Ня барская гэта справа? А барская справа была там быць?”

(Антон: ) “Памятаеце, як у Менску не было яек? Ён тады хадзіў па крамах, заехаў на птушкафабрыку Крупскай. Там я ў яго спытаў: “Калі льготы адновіце ліквідатарам?” А ён мне й кажа: “Дарагі, забудзь пра льготы. Гуляй у футбол, і ўсё будзе нармальна”.

Былыя супрацоўнікі міліцыі ўзгадваюць тыя трагічныя дні, якія зьмянілі цалкам іх жыцьцё.

(Яўген: ) “Па трывозе прыехалі туды. Ну, пакуль хлопцы не пачалі губляць прытомнасьць… З дня аварыі да 3 траўня… Адну групу з нас паклалі ў шпіталь у Кіеве, а самых першых у Маскву адправілі самалётам. Мы ж спачатку не разумелі нічога. Думалі, што можа гэта з тае прычыны, што мы мала спалі, не даядалі… Мы ж там самі харчаваліся. Нас ужо засталіся літаральна адзінкі. З кожным годам пра нас будуць забываць”.

Ліквідатары ўзгадвалі, як у іх адабралі радары, якімі яны вымяралі радыяцыю, бо паказаньні былі сьмярцельныя для чалавека, часам па 120 рэнтген. Потым ім пісалі ў дакумэнтах каму 15, каму 20 рэнтген. Узгадвалі, як яны грэліся ля вогнішча ў намёце, бо было халодна, і толькі потым даведаліся, як гэта небясьпечна. Ліквідатары кажуць, што асабліва іх абурае той факт, што насамрэч многія ваенныя начальнікі зрэдку наведваліся ў зону, а цяпер толькі яны і карыстаюцца льготамі.

Інжынэр-энэргетык Іосіф Райцын год і два месяцы правёў непасрэдна на блёках Чарнобыльскай АЭС. Праз два тыдні пасьля аварыі яго ўначы забралі з дому і адвезьлі на рэактар. Пасьля гэтага ён стаў інвалідам, але ўдзячны лёсу, што яшчэ жыве на сьвеце.

(Райцын:) “Вось гляджу, раней нас было болей. Цяпер мала. Ну, што ж зробіш. Здароўя ўжо няма. Але вялікая падзяка богу і самому сабе. Жыць хочацца… Хочацца бачыць, што будзе далей. Хочацца паглядзець, куды мы ідзём і куды мы прыйдзем”.

Ніхто з афіцыйных асобаў не прыходзіць да ліквідатараў. Мінулыя гады царкву наведваў то Лукашэнка, то старшыя Менгарвыканкаму. Яны перад камерамі, паціскалі рукі нейкім ваеначальнікам, якіх узнагародзілі медалямі за ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Але да ліквідатараў, якім нават не дазваляла ахова набліжацца да царквы, ніколі не падыходзілі. Так было і сёньня. Ад Менгарвыканкаму прыяжджаў нейкі чыноўнік, паставіў сьвечку і хутка сышоў.