АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПРЫЕХАЎ У ГОМЕЛЬ НА АДКРЫЦЬЦЁ ЦЭНТРУ РАДЫЯЦЫЙНАЙ МЭДЫЦЫНЫ

Казімер Яноўскі, Гомель

Навукова-практычны цэнтар – гэта ні што іншае, як былы спэцдыспансер. Па-новаму яго назвалі пасьля закрыцьця ў Менску Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі і патрабаваньня да навукоўцаў пераяжджаць у Гомель.

Наколькі вядома, пераехаў толькі адзін адмысловец. Гомельскі ж сусьветна вядомы вучоны, прафэсар Юры Бандажэўскі, які вывучаў узьдзеяньне “малых дозаў” радыяцыі на арганізм чалавека, абвінавачаны ў хабарніцтве і пасаджаны на 8 гадоў у менскую турму.

Цэнтар будаваўся цэлых 10 гадоў. Напачатку Расея заблякавала 25 мільёнаў даляраў, што выдзяляліся былым саюзным урадам на гэту мэдычную ўстанову. Апошнія гады ўвесь час бракавала сродкаў у самой Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка ў прамове на адкрыцьці цэнтру заяўляў, што ён павінен паказваць людзям шлях выратаваньня. Заява, відаць, была разьлічаная на ўдзельнікаў міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі па пытаньнях ліквідацыі наступстваў Чарнобылю, якая распачалася сёньня ў цэнтры.

У рэальных справах шлях выратавання не надта паказваеца. Пачынаючы з 1995 году, указамі мэтадычна скарачаюцца льготы пацярпеламу насельніцтву, у тым ліку і ліквідатарам. Забруджаныя тэрыторыі адмысловымі пастановамі ўраду пераводзяцца ў чыстыя. Вырошчваецца і спажываецца прадукцыя з радыёцэзіем і нават стронцыем.

У адным Чачэрскім раёне летась выяўлена 89 дарослых і дзяцей, у арганізьме якіх узровень назапашваньня радыёнуклідаў у два і болей разоў перавышае дапушчальны.

Тым часам кіраўнік дзяржавы сёньня скрытыкаваў навукоўцаў, якія ня хочуць пераяжджаць у Гомель, і катэгарычна папярэдзіў:

(Лукашэнка: ) “Яшчэ раз хачу папярэдзіць чальцоў ураду, чыноўнікаў пра недапушчальнасць невыкананьня патрабаваньня наконт пераводу сюды, у цэнтар, для вывучэньня ўсіх праблемаў, зьвязаных з радыяцыйным узьдзеяньнем на прыроду і чалавека, усіх – і Акадэміі навук, і Міністэрства аховы здароўя. Навука павінна быць тут, у Гомелі. Навукоўцы, якія хочуць рухаць гэту навуку, павінны быць тут, на гэтай зямлі”.

Лукашэнка запатрабаваў таксама, каб другая чарга цэнтру была здадзеная да 7 лістапада.

Пакуль высокія госьці аглядалі цэнтар, міліцыянты на подступах да яго пераймалі нават інвалідаў, што дабіраліся сюды на прыём. Распавядае былы брагінскі жыхар, інвалід другой групы Пётар Маргуноў:

(Маргуноў: ) “Мне зрабілі тры апэрацыі. Трэба, каб прызналі сувязь маіх хваробаў з Чарнобылем, але пра гэта нават ня хочуць размаўляць. Лекары сказалі: падайце дакумэнты, а тады будзем пісаць скаргі. Вось я і нясу. Але, бач, якое маё шчасьце. Тутака наш прэзыдэнт, дык кантралююць усе дарогі, каб мы ім не перашкаджалі”.