Крыніцы ў Міністэрстве замежных справаў паведамілі, што Віктар Лукашэнка, які апошнім часам займаў пасаду дарадцы аддзелу Заходняй Эўропы, спыніў працу ў МЗС 18 красавіка. Аднак нават ня ўсе супрацоўнікі цэнтральнага апарату замежнапалітычнага ведамства зьвярнулі на гэта ўвагу. Справа ў тым, што Віктар Лукашэнка ў сакавіку пайшоў у чарговы адпачынак, і нават блізкія ягоныя сябры думалі, што ён проста затрымліваецца на некалькі дзён з выхадам на працу.
Я даведаўся, што ў сваёй заяве Віктар Лукашэнка ніякім чынам не абгрунтоўвае сваё жаданьне пакінуць працу ў МЗС. На заяве Лукашэнкі ёсьць адпаведная рэзалюцыя міністра замежных справаў Сяргея Мартынава.
Віктар Лукашэнка скончыў факультэт міжнародных зносінаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Апошнія тры гады працаваў у цэнтральным апараце МЗС.
Крыніцы ў замежнапалітычным ведамстве ня ведаюць пра далейшы лёс былога супрацоўніка. У прэсавай службе кіраўніка беларускай дзяржавы таксама не адказалі на гэтае пытаньне.