Офіс АБСЭ ў Менску ўпершыню запрасіў у свае сьцены журналістаў. Дзень адчыненых дзьвярэй для прэсы сабраў толькі дзясятак карэспандэнтаў. Прэсавая сакратарка офісу Гайды Сьміт распавяла пра пляны менскага прадстаўніцтва АБСЭ ды пра створаныя 4 рабочыя групы, якія займаюцца рознымі напрамкамі дзейнасьці — ад эканомікі ды экалёгіі да грамадзянскай супольнасьці й вяршэнства закону. Паводле спадарыні Сьміт, офіс АБСЭ ў Менску ажыцьцяўляў назіраньне за дэманстрацыяй у Дзень Волі 25 сакавіка, за судовым працэсам над Аксанай Новікавай, якой інкрымінавалі паклёп на прэзыдэнта, і будзе сачыць за Чарнобыльскім шляхам у гэтую суботу. Непасрэдна на месцы будзе адказны за правы чалавека супрацоўнік офісу АБСЭ Вадзім Целін са Швэцыі.
Але найбольш цікавым стаўся расповяд Гайдзі Сьміт пра бягучую працу офісу. Спадарыня Сьміт паведаміла, што працягваецца праект, зьвязаны з рэформай выбарчага заканадаўства Беларусі. Нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка шмат разоў абгрунтоўваў неабходнасьць ліквідацыі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску менавіта тым, што Выбарчы кодэкс прыняты і нічога больш удасканальваць ня трэба. “Мы ўжо ўсё ўдасканалілі”, — заяўляў спадар Лукашэнка. Таму я папрасіў прэсавую сакратарку офісу АБСЭ ў Менску Гайды Сьміт удакладніць, што яна мела на ўвазе:
(Сьміт: ) “АБСЭ ў зьвязцы з БДІПЧ была запрошаная сюды ўрадам у пачатку красавіка абмеркаваць рэформу выбарчага заканадаўства. І наколькі мне вядома, праект працягваецца ў зьвязцы з БДІПЧ, мы зараз маем добрыя рабочыя стасункі. Роляй офісу АБСЭ ў Менску будзе падтрымка БДІПЧ у гэтым праекце”.
(Карэспандэнт: ) “Ці тычыцца гэты праект Выбарчага кодэксу Беларусі?”
(Сьміт: ) “Так”.
Пачуўшы гэта, я патэлефанаваў у беларускае МЗС яго прэсаваму сакратару Андрэю Савіных, каб даведацца, хто ад імя ўраду запрасіў АБСЭ й БДІПЧ удасканальваць выбарчае закандаўства.
(Савіных: ) “Тут, уласна кажучы, і гадаць, напэўна, ня трэба – Цэнтральная выбарчая камісія. Іншых органаў, якія б маглі ўдасканальваць Выбарчы кодэкс, напэўна, проста няма”.
Але з гэтай думкай спадара Савіных не пагадзіўся сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:
(Лазавік: ) “Хто там з ураду зьвярнуўся да іх? Не, мы не зьвярталіся. Мы гатовя прапанаваць ім сваю дапамогу – нават каб дзе-небудзь у Амэрыцы навесьці парадак. Там самае кансэрватыўнае й самае дурацкае заканадаўства выбарчае. Там большасьць галасуе за аднаго кандыдата, а прэзыдэнтам прызначаюць іншага. Так што гэта, напэўна, жарт якісьці”.
Такія супярэчлівыя паведамленьні лідэр АГП Анатоль Лябедзька камэнтуе гэтак:
(Лябедзька: ) “Баюся, што гэта спроба ўсё ж такі не зьмяніць насамрэч заканадаўства, а зрабіць выгляд, што беларускі бок гатовы йсьці на некаторыя зьмены дзейнага заканадаўства”.