ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАДКАМІТЭТУ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ НЕЎЗАБАВЕ НАВЕДАЕ МЕНСК

Уладзімер Глод, Менск

Пасьля таго, як ПА АБСЭ аднавіла месца Беларусі ў сваёй арганізацыі, многія задаюць пытаньне: ці ня возьме цяпер Страсбур прыклад зь Вены? Нагадаю, што яшчэ 13 студзеня 1997 году Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыпыніла стаус “адмыслова запрошанага” для Беларусі. Менавіта з гэтага і пачалася мая размова са спадаром Чэкуолісам:

(Чэкуоліс: ) “Рашэньне гэтага пытаньня залежыць ад нацыянальнага парлямэнту Беларусі, ад таго, якое законадаўства будзе ў Беларусі. І калі яно будзе адпавядаць асноўным прынцыпам Рады Эўропы альбо хаця б наблізіцца да іх, толькі тады гэтае пытаньне можа разглядацца. Пытаньні дэмакратыі, пытаньні правоў чалавека для Рады Эўропы ёсьць заўжды самым галоўным, самым важным прыярытэтам”.

Аднак у Аляксандра Лукашэнкі іншы погляд на гэтыя праблемы. На мінулым тыдні, адказваючы на пытаньні сябраў Нацыянальнага Сходу, ён сказаў, што для Беларусі ўвядзеньне пасады ўпаўнаважанага па правох чалавека ня ёсьць сярод галоўных справаў. Кіраўнік падкамітэту ў справах Беларусі ПАРЭ адрэагаваў на гэта так:

(Чэкуоліс : ) “Кожны можа мець сваю думку. Практыка іншых краінаў паказала, што амбудзмэн – гэта важная інстытуцыя, якая дапамагае людзям абараняць свае правы, калі яны бачаць у гэтым неабходнасьць”.

Што тычыцца наведваньня падкамітэтам ПАРЭ Беларусі, дык спадар Чэкуоліс гаворыць, што ў Менск прыедуць некалькі парлямэнтароў, якія ўваходзяць у падкамітэт, і група экспэртаў. На пытаньне, калі гэта адбудзецца, кіраўнік падкамітэту адказаў так:

(Чэкуоліс: ) “Удакладняем тэрмін. З нашага боку, мы не хацелі б зацягваць гэты візыт. І спадзяемся, што ён хутка адбудзецца. І таксама спадзяемся, што нашыя візыты дапамогуць пазытыўным зьменам у Беларусі”.