СУМА “ВЫКУПУ” ЗА ЭКІПАЖ ГОМЕЛЬСКАГА ТУ-154 УЗРАСТАЕ

Ігар Карней, Менск

Уладальнік гатэлю патрабуе ад беларускага боку аплаты за пражываньне 12 беларусаў, паколькі фрахтавальнік, які мусіў гэта зрабіць, аказаўся неплатаздольным і прапанаваў унесьці неабходную суму акцыямі свайго прадпрыемства. Аднак гаспадар гатэлю настойвае выключна на гатоўцы. У Дзяржкамавія запэўніваюць, што неабходная сума (а гэта прыблізна 25 тысяч даляраў з улікам грошай на дазапраўку самалёту) ужо пералічаная ў адзін з банкаў Лягосу, і засталося пераканацца, што ўтрымальніка гатэлю яна задаволіць.

Мы затэлефанавалі ў найбуйнейшы горад Нігерыі і паразмаўлялі з адным з камандзіраў экіпажу Яўгенам Казаковым.

(Казакоў: ) “Ну, быццам, нешта рухаецца, бо варыянты застаюцца заўсёды. Іншая справа, што патрабаваньні гаспадара гатэлю зьмяняюцца, залежна ад сытуацыі. Спачатку ў яго былі патрабаваньні да заказчыка, потым ён рэзка перакінуўся на нас. Увогуле, людзі гэта своеасаблівыя — і паводзінамі сваімі, і выхаваньнем, калі казаць шчыра. Сума фінансавых прэтэнзіяў да нас пастаянна расьце. Канкрэтна цяпер сказаць цяжка: я мяркую, мы вінныя тысяч 15–20, можа, нават больш”.

Перамовы паміж прадстаўнікамі Дзяржкамавія і нігерыйскім бокам працягнуцца заўтра, 23 красавіка.