У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ ПАЧАЎСЯ ПРАЦЭС НАД БЫЛЫМ ДЫРЭКТАРАМ МТЗ МІХАІЛАМ ЛЯВОНАВЫМ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхаіла Лявонава, як толькі яго завялі ў судовую залю і зьмясьцілі ў жалезную клетку, журналісты закідалі пытаньнямі. Ахоўнікі не перашкаджалі гэтаму кароткаму імправізаванаму брыфінгу. Лявонаў адразу заявіў, што не прызнае сябе вінаватым і спадзяецца на справядлівае рашэньне суду, якому ён давярае. На пытаньне, адкуль у яго ўзяліся 18 мільёнаў даляраў у нямецкім банку, што вынікае з заяваў Аляксандра Лукашэнкі, Лявонаў адказаў:

(Лявонаў: ) “Спытайце ў таго, хто пра гэта распавядае. Таксама па тэлевізіі было сказана, што мая віна ўжо ледзь не даказаная і сёньня, напэўна, могуць абвесьціць прысуд... Падобныя заявы — гэта ціск на грамадзкую думку, маральны ціск на мяне асабіста. Але я ні ў чым не вінаваты. Калі ёсьць гэтыя грошы, іх трэба было забраць. Але адкуль узялася гэтая лічба, 18 мільёнаў даляраў — гэта ж велізарныя грошы! Чым больш заяваў, тым усё становіцца больш сьмешным”.

Міхаіл Лявонаў выглядаў упэўненым і бадзёрым. Ён прыкметна разгубіўся на колькі сэкундаў, калі ў залю ўвайшлі жонка і дочкі, але потым зноў узяў сябе ў рукі і ўжо больш не падаваў прыкметаў, што хвалюецца. Паводле людзей, якія бачылі яго да арышту, амаль паўтара году ў сьледчым ізалятары не адбіліся нэгатыўна на ягоным абліччы, хутчэй наадварот — ён выглядае маладзейшым. Аднак жонка Лявонава Алена кажа, што гэта падманлівае ўражаньне. Сіні строй, які яму гэтак пасуе, ёй давялося ўшываць ледзь не ўдвая — за час зьняволеньня Міхаіл Лявонаў схуднеў на 40 кіляграмаў. У яго цэлы набор хваробаў, якія ў турме абвастрыліся.

Дарэчы, пра гэтыя хваробы суду нагадаў адвакат Аляксандар Самусеў і на гэтай падставе прасіў зьмяніць Лявонаву меру стрыманьня на падпіску аб нявыязьдзе, аднак суд хадайніцтва не задаволіў. Старшыня суду Міхаіл Кашко абвесьціў, што пры такіх цяжкіх абвінавачаньнях закон не дазваляе адпускаць падсуднага на волю.

Далей прадстаўнікі пракуратуры Алег Шэндэровіч і Сяргей Касьпяровіч пачалі па чарзе марудна зачытваць абвінаваўчае заключэньне на адрас Лявонава. Яно выкладзенае ў 10 эпізодах і ўсяго тычыцца больш за 15 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Асноўныя зь іх — крадзёж маёмасьці праз злоўжываньне службовым становішчам у складзе злачыннай групоўкі, атрыманьне хабару, няўплата падаткаў. Самае сур’ёзнае з гэтых абвінавачаньняў прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў турмы.

Красамоўная дэталь — Менскі трактарны завод як юрыдычная асоба прэтэнзіяў да Лявонава ня вылучыў, замест яго гэта зрабілі пракуратура і падатковая служба. Два прадстаўнікі гэтай службы прысутнічаюць у судзе як пацярпелы бок.

Што тычыцца працягласьці працэсу, то другі адвакат падсуднага Андрэй Невядоўскі не выключае, што разгляд зацягнецца. У справе амаль 150 тамоў, па ёй праходзяць больш за 200 сьведкаў і ўсіх іх давядзецца апытваць, што, паводле практыкі, запатрабуе некалькіх месяцаў. Ад прагнозаў адносна прысуду адвакат ухіліўся, як і ад камэнтароў пра палітычны характар перасьледу былога дырэктара МТЗ. Аднак пры гэтым ён нагадаў, што справа Лявонава адразу патрапіла на разгляд у Вярхоўны суд, што азначае немагчымасьць аспрэчыць будучы прысуд.