НА ТРЫ МЕСЯЦЫ ПРЫПЫНЕНЫ ВЫХАД НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭТЫ “ПРАВIНЦЫЯЛКА”

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Апошнi нумар газэты “Правiнцыялка” ўбачыў сьвет напрыканцы мiнулага тыдня. А сёньня рэдакцыя атрымала зь Мiнiстэрства iнфармацыi загад аб прыпыненьнi дзейнасьцi незалежнага выданьня цягам трох месяцаў. Падставай для гэтага рашэньня названыя грубыя парушэньнi заканадаўства. У прыватнасьцi, рэдакцыя “Правiнцыялкi” без узгадненьня зь мiнiстэрствам i мясцовымi ўладамi зьмянiла тэматыку выданьня i юрыдычны адрас.

Варта заўважыць, што раней нiякiх афiцыйных папярэджаньняў аб парушэньнях закону рэдакцыя не атрымлiвала. Апошнi час “Правiнцыялка” выходзiла замест iншай незалежнай газэты — “Вечерний Столин”, якая таксама была закрытая Мiнiстэрствам iнфармацыi на трохмесячны тэрмiн. Здарылася гэта напярэдаднi выбараў у мясцовыя саветы.

Заснавальнiк i рэдактар абедзьвюх газэтаў Аляксандар Iгнацюк упэўнены, што iнiцыятыва спыненьня выхаду ягоных выданьняў належыць берасьцейскiм i столiнскiм уладам. Але спадар Iгнацюк не зьбiраецца прыпыняць дзейнасьць сваёй рэдакцыi.

(Iгнацюк: ) “Вось толькi што знайшоў яшчэ адну газэту. На гэтым тыднi выйдзе другая газэта, трэцяя. Будзе тая ж самая шапка, усё тое самае. Камунiсты ў падпольлi казалi: “Усiх не перестраляюць”. Так i я кажу. Хiба што трэба ўсё пазачыняць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусі”.

Аляксандар Iгнацюк пакуль не раскрывае назву новай газэты, але абяцае, што жыхары Столiнскага раёну не застануцца безь незалежнага друкаванага выданьня.