ПАСТЫРСКАЕ СЛОВА ВІЗЫТАТАРА “AD NUTUM SANCTAE SEDIS” ДЛЯ ГРЭКА-КАТАЛІКОЎ БЕЛАРУСІ НА СЬВЯТА ПАСХІ ГАСПОДНЯЙ 2003 ГОДУ

Ул. інф.

Вялебныя Айцы,
Любыя Манахі, Манахіні, Браты Семінарысты,
Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры - Сыны і Дочкі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы,
Шаноўныя Сябры!

1. Уваскрослы Госпад наш Ісус Хрыстос запрашае нас сёньня ўвайсьці ў сьвяткаваньне Ягонага сьветлага Ўваскрасеньня. Сьвятая Царква, нашая Маці й Настаўніца, нагадвае нам, што сапраўднае сьвяткаваньне Пасхі Гасподняй патрабуе ад нас чыстых сэрцаў і чыстых пачуцьцяў. У каноне Пасхальнай Ютрані сьпяваецца:

Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб нам убачыць Хрыста
ў невымоўным зьзяньні Ўваскрасеньня,
і пачуць, як Ён кажа:
Радуйцеся ўсе, што пяеце песьню перамогі.
(канон Пасхі, песьня 1)

На працягу сарака дзён Вялікага Посту Сьвятая Хрыстовая Царква суправаджала нас на шляху духовай падрыхтоўкі да сьветлага Ўваскрасеньня Хрыстовага. На гэтым шляху мы мелі магчымасьць асэнсаваць вартасьць і веліч нашага хрысьціянскага пакліканьня: пакліканьня быць хрысьціянамі ў Беларусі ў 2003 годзе, быць хрысьціянамі ў вернасьці нашай усходняй традыцыі і ў еднасьці з Рымскім Апостальскім Пасадам.

Яго Сьвятасьць Папа Ян Павел ІІ ў Слове, скіраваным да каталіцкіх ерархаў Беларусі з нагоды іхняго візіту “ad limina Apostolorum” 10 лютага 2003 г. нагадаў аб актуальнасьці словаў самога Ісуса Хрыста: "Прыказаньне новае даю вам: палюбіце адзін аднаго‚ як Я палюбіў ваc‚ так вы палюбіце адзін аднаго" (Ян 13‚ 34).

Пасхальная перамога Ісуса Хрыста, перамога над грахом і нянавісьцю, прыносіць усім нам вялікі дар любові. У кантэксьце Пасхі Гасподняй узгадаем яшчэ раз словы Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ-га:

“Любоў Хрыcтовая яднае наc. Менавіта Ягоная любоў павінна напаўняць наша жыцьцё і наша паcтырcкае cлужэньне ды заахвочваць да аднаўленьня нашай вернаcьці Евангельлю і імкненьня да ўcё больш велікадушнага паcьвячаньня ў апоcтальcкай міcіі‚ якую нам даручыў Пан”.

Нашая місія ў Беларусі 2003 году - гэта жыць і дзейнічаць у вернаcці Евангельлю ды з яго навучацца сапраўнай хрысьціянскай надзеі:

О Боскае, о любае, о найсьвятое слова Тваё:
Ты, Хрысьце, абяцаў быць з намі да канца сьвету.
Мы ж, што жывем з гетай надзеяю, радуемся.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
(канон Пасхі, песьня 9)

Сьвята Пасхі Хрыстовай – гэта сьвята сапраўднай надзеі, якую выражаем словамі прывітаньня: “Хрыстос уваскрос - Сапраўды ўваскрос!” Як хрысьціяне мы пакліканыя, каб быць у Беларусі 2003 году носьбітамі Пасхальнай надзеі і любові Хрыста ды сьведчыць перад людзьмі, што Хрыстос “сапраўды ўваскрос!”

2. Пасхальная перамога Ісуса Хрыста ахоплівае жыцьцё кожнага чалавека ды кожнага народу. Уваскрасеньне Ісуса Хрыста зазьзяла ўсім сьвятлом духовай свабоды, праўды, справядлівасьці ды любові. Гэта аснова годнага жыцьця кожнага чалавека ды кожнага народу.

У гэтым годзе спаўняецца 40 год ад абнародваньня Папам Блаславёным Янам ХХІІІ энцыклікі “Pacem in Terris”, прысьвячанай праблемам міру ды справядлівага супрацоўніцва паміж народамі. У гэтай энцыкліцы, якая была прынятая з увагай усімі людзьмі добрай волі ў сьвеце, вялікі Папа - Блаславёны Ян ХХІІІ выклаў народам ды дзяржавам евангельскае навучаньне Царквы пра тое, што сапраўдны мір ды супрацоўніцтва паміж народамі ды дзяржавамі мусяць абапірацца на праўдзе, справядлівасьці, свабодзе і любові. З нагоды 40-га юбілею энцыкклікі “Pacem in Terris” Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ гаварыў пра асаблівую актуальнасьць гэтага евангельскага навучаньня Царквы да моладзі, якая сабралася ў Рыме на сьвяткаваньне Дня Моладзі ў мінулую Вербную Нядзелю.

Да архіпастырскага навучаньня Сьвятога Айца хочацца дадаць нашую руплівую малітву за моладзь Беларусі, каб яна вучылася жыць паводле евангельскіх каштоўнасьцяў: праўды, справядлівасьці, свабоды і любові.

Евангельскія каштоўнасьці праўды, справядлівасьці, свабоды і любові - гэта сьвятло, якое перамагае ўсялякую цемру фальшу, несправядлівасьці, паняволеньня ды нянавісьці. Таму Ўваскрослага Ісуса Хрыста - Госпада і Пераможцу - хочам прасіць пра ласку мужна ісьці шляхам Ягонай перамогі ў нашым жыцьці.

Калі мы з радасьцю славім Уваскрасеньне Гасподняе, то мусім памятаць, што моц Ягонае Пасхальнае перамогі жыве і сёньня ў Ягонай Царкве. Таму Царква лічыць сваім абавязкам абвяшчаць кожнаму чалавеку ды кожнаму народу хрысьціянскую надзею.

3. Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры! Шаноўныя Сябры!

На радаснае сьвяткаваньне сьветлага Уваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста прыміце маё пастырскае віншаваньне для ўсіх вас, вашых сем’яў і вашых блізкіх.

Маім гарачым жаданьнем зьяўляецца, каб словы гэтых віншаваньняў дайшлі да ўсіх Сыноў і Дачок Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва да ўсіх нямоглых і да тых, што жывуць у розных кутках Беларусі, па-за душпастырскімі структурамі нашае Царквы. Нашыя Велікодныя віншаваньні дасылаем таксама да ўсіх Беларусаў блізкага замежжа, асабліва з Крыму, Літвы, Расеі.

Велікодныя зычэньні перадаем таксама ўсім нашым Братам і Сёстрам, якія жывуць па-за межамі Беларусі, асабліва новай эміграцыі ў Заходняй Еўропе. Сардэчна віншуем іх пастыра - Апостальскага Візітатара для Беларусаў Замежжа, Дастойнага Айца Мітрата Аляксандра Надсана з Лондану ды ягоных супрацоўнікаў.

Са сьвятам Пасхі Гасподняй хочам таксама павіншаваць Ярархаў, клір, манаства і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і іхняга Першаярарха Яго Блаславенства Кардынала Кір Любамыра. Зьяднаныя ў літургічнай сулучнасьці, разам жадаем несьці нашым народам жывое сьведчаньне пра Ўваскрослага Хрыста.

З нагоды сьвята Ўваскрасеньня Ісуса Хрыста хочам сардэчна павіншаваць нашых Братоў і Сёстраў рыма-католікаў: Яго Эмінэнцыю Айца Кардынала Казіміра Сьвёнтэка, Іх Эксцэленцыі дыяцэзыяльных і дапаможных Біскупаў, усіх сьвятароў і семінарыстаў, законьнікаў, законьніцаў ды ўсіх вернікаў.

Шчыра віншуем Дастойных Біскупаў лацінскіх дыяцэзіяў Польшчы, у якіх навучаюцца нашыя семінарысты, рэктараў і прафесараў семінарыяў, якія нам дапамагаюць. Уваскрослы Хрыстос хай будзе для ўсіх крыніцай радасьці і незгаслай надзеі.

Братнія словы Пасхальных віншаваньняў накіроўваем таксама да ўсіх нашых Братоў і Сёстраў праваслаўных: да Яго Высокапраасьвяшчэнства Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха Беларусі, і ўсіх Высокапраасьвяшчэнных Архіяпіскапаў і Праасьвяшчэнных Япіскапаў Праваслаўнай Царквы на Беларусі, да ўсіх клірыкаў, манахаў, манахіняў і вернікаў.

Віншуем таксама ўсіх Братоў і Сёстраў іншых хрысьціянскіх канфесіяў, асабліва Шаноўнае Кіраўніцтва Біблійнага Таварыства Рэспублікі Беларусь.

У гэты сьвяточны час сардэчныя Пасхальныя віншаваньні дасылаем усім нашым Дабрадзеям і Сябрам, сярод іх Кіраўніцтву і супрацоўнікам Беларускай Праграмы Вытыканскага Радыё.

Са сьвятам Пасхі віншуем таксама ўсіх, хто зносіць цярпеньні ды абмежаваньні і узгадваем іх ў гарачай малітве да Ўваскрослага Госпада.

Няхай сьвята Пасхі Гасподняй будзе для усіх нас
сапраўднай жывой сустрэчай з Уваскрослым Ісусам Хрыстом,
Які ўмацоўвае нашую надзею і прасьвятляе нашае жыцьцё
сьвятлом Сваёй Пасхальнай перамогі.

З пастырскім блаславеньнем ды Велікодным прывітаньнем:

Хрыстос уваскрос - Сапраўды ўваскрос!


архімандрыт Сяргей (Гаек), Візытатар
Рым-Менск, Пасха Хрыстова 2003 году.