“DER STANDARD”: ЗША ПРАВАКУЮЦЬ ДЗЯРЖАВЫ-ПАРЫІ

Ул. інф.

Як піша лібэральнае венскае выданьне “Der Standard”, былы кіраўнік замежнапалітычнай савецкай выведкі Леанід Шэбаршын вельмі рэдка дае інтэрвію прэсе. Меркаваньні ж гэтага надзвычай дасьведчанага адмыслоўца ў галіне зьнешняй выведкі заўсёды абгрунтаваныя і сур’ёзныя. Паводле Шэбаршына, тое, што Кангрэс ЗША празрыста ініцыяваў праверку асабістых замежных рахункаў прэзыдэнта Лукашэнкі, трэба разглядаць як сыгнал адносна канкрэтных крокаў і сур’ёзных дзеяньняў.

Разам з Сырыяй, Іранам, магчыма, Кітаем, Беларусь знаходзіцца ў ліку тых краінаў, зь якімі ЗША маюць намер вырашаць свае праблемы. Шэбаршын устрымліваецца ад камэнтару — як, у якім парадку і калі гэта адбудзецца. Аднак, паводле ягоных словаў, ня выключана, што і самі краіны-ізгоі ўжо разглядаюць пэўныя контарзахады. Паводле расейскага адмыслоўца, у краінах-парыях можа распачацца інтэнсіўнае нарошчваньне ўзбраеньня, у тым ліку, і вытворчасьць ядзернай зброі.

Паводле венскага выданьня, апошнім часам пад пільным назіраньнем Вашынгтону знаходзіцца Пэкін. Пра гэта сьведчаць некаторыя заявы амэрыканскіх стратэгаў дый будаўніцтва ваенных базаў ЗША ў Кыргістане. Хутчэй за ўсё, менавіта Кітай зь ягоным дынамічным разьвіцьцём эканомікі й нарошчваньнем ваенных мускулаў у найбліжэйшай будучыні можа стаць адзіным і галоўным полюсам у супрацьстаяньні ЗША.

Што да Беларусі, то як вынікае з публікацыяў у аўстрыскіх “Der Standard”, “Die Presse” і нямецкай газэце “Financial Times Deutschland”, гэтая краіна як колішні тэхнапарк СССР тоіць у сабе надзвычайныя пэрспэктывы для заходніх інвэстараў, асабліва ў фінансавай і банкаўскай сфэрах. Пра гэта сьведчаць меркаваньні вядучых аўстрыйскіх экспэртаў у фінансавай і банкаўскай сфэрах, у тым ліку прадстаўнікоў “Reiffeisenbank”, які ня так даўно набыў 50% акцыяў беларускага “Прыёрбанку” і цяпер актыўна шукае магчымасьць павялічыць долю свайго капіталу.