Аналiтыкi найперш адзначаюць, што заява кампрамiсная i абцякальная. Яе падтрымалi i тыя краiны Эўразьвязу, якiя катэгарычна выступалi супраць вайны ў Іраку (найперш Францыя i Нямеччына), i тыя хто вайну падтрымаў (як, да прыкладу, Гiшпанiя). У заяве выкарыстоўваюцца больш мяккiя фармулёўкi, чым таго жадалi Нямеччына з Францыяй. Да прыкладу, гаворыцца не пра цэнтральную ролю ААН, але пра адну з цэнтральных роляў.
Брытанскi аналiтык Дэн Кiагэйн лiчыць, што асноўную ролю ў гэтым кампрамiсе адыграў прэм’ер-мiнiстар Вялiкай Брытанii Тонi Блэр. Ён здолеў зьмякчыць прапанаваную Нямеччынай i Францыяй пазыцыю. Кiагэйн, аднак кажа, што i сам Блэр пайшоў на саступкi.
(Кiагэйн: ) “ Я лiчу цiкавым тое, што Блэр выступiў у такой ролi. Хоць ён заўжды i казаў пра сваё жаданьне, каб ААН адыгрывала адну з цэнтральных роляў у Іраку, выглядала, што паўтары тыднi таму ў Бэлфасьце ён пагадзiўся з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, што сiлы каалiцыi мусяць на нейкi час захаваць кантроль”.
Злучаныя Штаты адназначна выступаюць супраць вядучай ролi ААН ў Іраку. Аднак адносiны Вашынгтону да новай заявы Эўразьвязу будуць залежаць ад таго, як яе трактаваць. Бо фармулёўкi ў заяве вельмi абцякальныя. Вось што, напрыклад, сказаў Костас Сiмiцiс, прэм’ер-мiнiстар Грэцыi, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.
(Сiмiцiс: ) “Дакладная роля ААН у Іраку будзе вынiкам перамоваў, кантактаў са Злучанымi Штатамi, але таксама i зь Вялiкай Брытанiяй. А Вялiкая Брытанiя прымае прынцыпы зьместу гэтай дэклярацыi”.
Тым часам эўрапейская камiсiя ўжо зарэзэрвавала 100 мiльёнаў эўра на гуманiтарныя апэрацыi ў Іраку. Зь iх 20 мiльёнаў ужо выдаткоўваюцца на закупку харчоў, лекаў ды iншай дапамогi.