ГРУПА “РЭСПУБЛІКА” АДСТОЙВАЕ СЯБЕ

Уладзімер Глод, Менск

Пра групу “Рэспубліка” Аляксандар Лукашэнка казаў, што “яна ўцягнулася ў палітычныя гульні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў грамадзтве, што пад выглядам “круглых сталоў”, сэмінараў яна спрабавала праводзіць палітычныя кампаніі антыдзяржаўнай скіраванасьці”. Лукашэнка назваў сябраў групы “лазутчыкамі, дэмагогамі, здраднікамі”. Цяпер ён крытыкаваў дэпутацкую групу нават больш, чым традыцыйную беларускую апазыцыю.

“Чаму, на ваш погляд, так зьмясьціліся акцэнты?” — пытаюся ў кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” Ўладзімера Парфяновіча.

(Парфяновіч: ) “Я магу адказаць так: на сёньняшні дзень тая апазыцыя, якая існуе, задавальняе Лукашэнку. А мы людзі з той пазыцыяй, якую мы маем. І ён гэта добра разумее. Ён занепакоены. Мы чакалі такой рэакцыі. Ня ўсе сёньня задаволеныя намі, той пазыцыяй, якую мы маем”.

Дэпутатаў, якія, паводле Лукашэнкі, са стогнамі пішуць пісьмы Бушу і Блэру пра тое, што Беларусь губляе сувэрэнітэт, кіраўнік дзяржавы папярэдзіў асабіста: “Ня дай Бог толькі захістаецца сытуацыя ў Беларусі, вы за гэта адкажаце напоўніцу”.

Уладзімер Парфяновіч паведаміў мне, што Лукашэнка чарговы раз не сказаў усёй праўды. Так, некалькі дэпутатаў сапраўды напісалі адпаведны ліст, але ня толькі на адрас кіраўнікоў ЗША і Вялікабрытаніі. Ліст быў накіраваны таксама Ўладзімеру Пуціну і Аляксандру Лукашэнку, прычым, як сьцьвярджае кіраўнік дэпутацкай групы, ніякіх стогнаў там няма. Ёсьць сур’ёзная заклапочанасьць з той нагоды, што Беларусь можа зьнікнуць з гістарычнай мапы як самастойная дзяржава.

Дасталося ад Лукашэнкі й былому лідэру “Рэспублікі” Валерыю Фралову, пра якога той сказаў: “Што ж атрымаў прэзыдэнт сёньня ад некаторых у парлямэнце, у тым ліку ад тых, хто да гэтага часу носіць “цяжкія пагоны”. Што, вы забыліся, што вы вайскоўцы? Здыміце пагоны, здыміце і змагайцеся пасьля супраць Галоўнакамандуючага”.

Генэрал Фралоў на гэта сказаў:

(Фралоў: ) “Калі ён думае, што ён некалі мне прысвойваў званьне, дык ён яшчэ быў дырэктарам саўгасу, а я ўжо быў генэралам. Я ня ведаю, ён нешта пераблытаў, ён мне пагоны не ўручаў. Я — у адстаўцы, я іх неафіцыйна магу насіць, я ж ня ў дзейнай арміі. Ён да маіх пагонаў ніякага дачыненьня ня мае”.

Пра аднаго з дэпутатаў, не называючы ягонага прозьвішча, Аляксандар Лукашэнка сказаў так: “Несумленны чалавек, валіць усё на ўсіх, а калі паглядзелі на ягоныя дзеяньні, дык там крымінальную справу патрэбна заводзіць за раскраданьне крэдытаў”.

Пра каго гэта, я вырашыў спытацца ў сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца.

(Скрабец: ) “Які набраў грошы і не аддае іх, ці што?”

(Карэспандэнт: ) “Так”.

(Скрабец: ) “На якога патрэбна заводзіць крымінальную справу…”

(Карэспандэнт: ) “Так”.

(Скрабец: ) “Я думаю, што гэта я”.

Сяргей Скрабец, які займаецца чакалядным бізнэсам і прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы Бабаеўскай фабрыкі, распавёў, што ягоная фірма сапраўды ня можа разьлічыцца за крэдыт, паколькі ўжо больш за год арыштаваныя яе рахункі й маёмасьць. Прычым, дэпутат Скрабец лічыць, што гэтыя дзеяньні ўладаў незаконныя.

На маё пытаньне, ці захаваецца пасьля выступу Лукашэнкі дэпутацкая група “Рэспубліка”, Сяргей Скрабец адказаў так:

(Скрабец: ) “Захаваецца, ніхто ўвогуле не пахіснуўся”.