Стыў Лайсман прыгадвае, як у 1991 годзе ў Маскве скідалі помнік Дзяржынскаму. “Але што ня менш драматычна, – працягвае ён, – у расейцаў так і не знайшлося нічога, што можна было б паставіць на месца ранейшых статуяў”.
Аглядальнік “Wall Street Journal” падкрэсьлівае, што нават для расейцаў пэўны час героем быў Барыс Ельцын. У цяперашняй вайне няма ірацкіх герояў, – піша Стыў Лайсман. Тыматы Гартан Эш таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў адрозьненьні ад краінаў Усходняй Эўропы вызваленьне Іраку прынесьлі замежныя войскі, а ня самі іракцы.
Як запоўніць вакуум у душы народу, зь якім, паводле Лайсмана, іракцы ўваходзяць у постсадамаўскую эпоху?
Брытанскі гісторык прапануе свой адказ на пытаньне, ці патрэбны судовы перасьлед функцыянэраў былога рэжыму.
(Эш: ) “Зараз мы маем досьвед Усходняй Эўропы, які падказвае, што судовы перасьлед мусіць быць досыць абмежаваным. На мой погляд толькі асобы, якія вінаватыя ў найгоршых палітычных злачынствах, катаваньнях, злачынствах супраць чалавечнасьці і ў ваенных злачынствах мусяць быць прыцягнутыя да судовай адказнасьці, прычым пажадана ў Гааскім судзе”.
Тыматы Гартан Эш мяркуе, што спробы судзіць былых таталітарных лідэраў на радзіме, як тое было зь лідэрам НДР Гонэкерам, прадэманстравалі сваю неэфэктыўнасьць. Галоўная праблема, – кажа Эш, – палягае ў тым, што асобаў, што зьдзяйсьнялі палітычныя злачынствы, даводзіцца судзіць паводле законаў, што дзейнічалі падчас дыктатуры. На ягоны погляд, найлепшае рашэньне – перадаць заплямленых злачынствамі былых кіраўнікоў у міжнародны суд, а астатніх – адхіліць ад улады.
Аглядальнік “Wall Street Journal” Лайсман адзначае, што ў ірацкай эканоміцы партыя БААС выконвала прыкладна тую ж ролю, што КПСС у СССР. Аналітык мяркуе, што Злучаным Штатам пры ліквідацыі БААС варта праяўляць асьцярожнасьць, каб не пакінуць краіну бяз чынавенскага апарату, які ўтрымлівае краіну ад распаду і анархіі. Стыў Лайсман цытуе ваенных аналітыкаў, якія прапануюць пакараць вышэйшае кіраўніцтва партыі БААС і пакінуць у спакоі кіраўнікоў сярэдняга зьвяна.
Больш складанае стаўленьне да гэтай праблемы – у брытанскага гісторыка.
(Эш: ) “Гэта вельмі цяжкое пытаньне. Досьвед Усходняй Эўропы паказвае, што былыя кампартыі зараз адчуваюць сябе няблага, ператварыўшыся ў пасткамуністычныя партыі. Але, на мой погляд, партыя БААС больш падобная на нацысцкую партыю, чым, скажам, на польскую кампартыю. І таму я мяркую, што БААС мусіць быць забароненая, аднак гэта не азначае, што шараговыя партыйцы і нізавыя кіраўнікі мусяць быць выключаныя з палітычнага жыцьця”.
Стыў Лайсман, спасылаючыся на досьвед Расеі, раіць не пладзіць у Іраку ворагаў рэформаў. Ён прагадвае, што напачатку падтрымка рэформаў у Расеі была даволі высокаю, а потым істотна зьменшылася. Аглядальнік “Wall Street Journal” прапануе ўважліва сачыць за тымі, хто будзе адхілены ад разьмеркавальнай сыстэмы, створанай Хусэйнам. Празь месяцы ці гады гэтыя іракцы могуць засумаваць па стабільнасьці, якую ім забясьпечваў Хусэйн, – піша Стыў Лайсман.
Тыматы Гартан Эш выказвае перасьцярогу, што Ірак можа напаткаць лёс Югаславіі.
(Эш: ) “Ці Ірак – гэта новая Югаславія. Этнічныя і палітычныя супярэчнасьці паміж арабамі і курдамі, паміж сунітамі і шыітамі могуць стаць настолькі глыбокімі, што ўтрымаць адзінства дзяржавы будзе немагчыма”.
Брытанскі гісторык, спасылаючыся на досьвед Балканаў, адзначае, што захаваньне адзінства дзяржаваў – лепшы варыянт, але не любой цаною. Часам, – гаворыць ён, – аксамітны развод ёсьць найлепшым выйсьцем.