КРАІНЫ ЭЎРАЗЬВЯЗУ СКАСАВАЛІ ВІЗАВЫ БАЙКОТ КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ

Юры Дракахруст, Прага

Забарона на ўезд у 14 краінаў Эўразьвязу для кіраўнікоў Беларусі была прынятая ўвосень летась. Гэтая мера стала адказам Эўропы на крокі афіцыйнага Менску па выцісканьні зь Беларусі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. Неўзабаве аналягічныя візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску прынялі тады і Злучаныя Штаты Амэрыкі. Паводле тлумачэньняў амэрыканскіх урадоўцаў, аднім з матываў гэтага рашэньня Вашынгтону сталі зьвесткі пра ўдзел Беларусі ў незаконным гандлі зброяй.

Леташні візавы байкот не падтрымала Партугалія, якая тады старшынявала ў АБСЭ. 31 сьнежня 2002 году была дасягнутая дамоўленасьць пра адкрыцьцё ў Беларусі новага офісу АБСЭ. Мандат гэтай інстытуцыі ў параўнаньні з Кансультацыйна-назіральнай групаю мае больш абмежаваны характар.

Фармальнай нагодаю адмены візавага байкоту стала зьнікненьне падставы канфлікту – “яблык раздору”, офіс АБСЭ ў Менску ўжо адзначыў сто дзён сваёй працы. Аднак рашэньне, прынятае сёньня на нарадзе міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу ў Люксэмбургу, можна разглядаць у больш шырокім кантэксце новай эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Тут варта прыгадаць і рашэньне Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ аб прыняцьці ў свае шэрагі Нацыянальнага сходу Беларусі, легітымнасьць якога выклікае пэўныя сумненьні. У камэнтарах сёньняшняга рашэньня міністэрскага саміту Эўразьвязу адзначаецца, што ў 2004 годзе пасьля ўступленьня ў Зьвяз Польшчы і балтыйскіх краінаў Беларусь стане беспасярэднім суседам Эўразьвязу.

У камэнтарах таксама падкрэсьліваецца, што сёньняшняе рашэньне дае магчымасьць Аляксандру Лукашэнку ўзяць удзел у саміце 40 дзяржаваў, які адбудзецца на гэтым тыдні ў Афінах. У гэтай нарадзе возьмуць удзел лідэры краінаў Эўразьвязу, краінаў-кандыдатаў на ўступленьне ў Зьвяз, а таксама дзяржаваў, якія ў 2004 годзе стануць наўпроставымі суседзямі Зьвязу, у тым ліку Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Разам з тым удзельнікі міністэрскай нарады Эўразьвязу ў Люксэмбургу скрытыкавалі становішча з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі.