ДЭПУТАТКА РАЙСАВЕТУ СУПРАЦЬ МАСАВАЙ ВЫРУБКІ ДРЭВАЎ У ЦЭНТРЫ КРУГЛАГА

Марыя Ўсьціновіч, Круглае

Гэты судовы працэс зьвязаны з навядзеньнем парадку на зямлі згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі й пастановай ураду. У раённым цэнтры Круглае парадак пачалі наводзіць з масавай вырубкі дрэваў на цэнтральных вуліцах — Савецкай і Магілёўскай.

Да дэпутата Зінаіды Мялешчынкі з калектыўнымі лістамі зьвярнуліся працоўныя калектывы раённага вузла сувязі й будаўнічай арганізацыі МПМК-266. Выбарцы, якія абураныя вырубкай дрэваў, прасілі разабрацца ў прычынах і законнасьці гэтага.

У раённай пракуратуры дэпутату паведамілі, што ёсьць дазвол на вырубку 17 хворых дрэваў. Аднак, паводле падлікаў людзей, у Круглым вырубілі ўжо больш за сотню дрэваў.

Спробы высьвятліць у Круглянскім райвыканкаме, ці ёсьць законныя падставы для вырубкі і куды накіроўваецца драўніна, не далі плёну. А ў аддзеле экалёгіі, паводле словаў Зінаіды Мялешчанкі, ёй ня проста адмовіліся даць дакумэнты, а яшчэ абразілі й выставілі з кабінэту.

Сёньня раённы суд палічыў гэта інцыдэнт неістотным і вырашыў, што гонар і годнасьць дэпутата не пацярпелі. Аднак Зінаіда Мялешчанка будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў абласным судзе.

Між тым, вырубка дрэваў у Круглым працягваецца. Дрэвы зьнішчаюцца на кірунку трасы з райцэнтру ў Магілёў.