Амбасадар Іраку ў Рэспубліцы Беларусь Салман Зэйдан, які раней шмат сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, актыўна выступаў у дзяржаўных СМІ, праводзіў прэсавыя канфэрэнцыі, пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна зьнік з публічнага жыцьця. Хаця ён застаецца ў Менску, як і іншыя супрацоўнікі амбасады, — паведаміў ірацкі дыплямат.
“Нічога, чакаем навінаў... Мы робім, канечне, тое, што там ёсьць паміж Беларусьсю і Рэспублікай Ірак”, — сказаў ірацкі дыплямат, які папрасіў не называць ягонага імя.
Дзе цяпер знаходзіцца іх багдадзкае кіраўніцтва, у амбасадзе ня ведаюць, ніякай сувязі зь ім няма. Ня маюць ірацкія дыпляматы ніякіх кантактаў і са сваімі родзічамі. Супрацоўнікі амбасады Іраку кажуць, што застаюцца дыпляматамі й што сродкі на працяг іх знаходжаньня ў Менску ёсьць.
У МЗС Беларусі сьцьвярджаць, што нейкіх афіцыйных кантактаў з амбасадай Іраку апошнім часам не было. Дыпляматычныя адносіны Беларусі й Іраку захоўваюцца, лёс дыпляматаў павінен вызначыць урад гэтай краіны, зазначыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:
(Савіных: ) “Натуральна, што дзейны амбасадар Іраку будзе выконваць свае абавязкі, пакуль законны ўрад Іраку ня прыме рашэньне пра ягонае адкліканьне і не накіруе на адрас беларускіх уладаў адпаведны дакумэнт”.
Паводле Андрэя Савіных, МЗС Беларусі ведае пра заяву кіраўніцтва ЗША з патрабаваньнем высылаць ірацкіх дыпляматаў з краінаў іх знаходжаньня, але непасрэдна да беларускіх уладаў адміністрацыя ЗША з такой просьбай не зьвярталася. Тым часам беларускія дыпляматы, акрэдытаваныя ў Іраку, працягваюць знаходзіцца ў суседняй Сырыі, беларуская амбасада не зачыненая і будзе дзейнічаць і пры новым рэжыме ў Багдадзе, але дыпляматы вернуцца туды пасьля сканчэньня ваенных дзеяньняў, – паведаміў Андрэй Савіных.
Ірацкія дыпляматы могуць пасьля заканчэньня сваіх паўнамоцтваў вярнуцца ў Ірак, а могуць і застацца ў Беларусі, — кажа вядомы беларускі дыплямат Андрэй Саньнікаў. Такім чынам дзейнічаў, напрыклад, былы амбсадар Югаславіі ў Маскве брат Слабадана Мілошавіча, які застаўся ў Расеі і займаецца бізнэсам.
Беларускі ўрад будзе вымушаны прызнаць новы ўрад у Іраку, але ў тым, што гэты ўрад захоча разьвіваць цесныя дачыненьні зь Беларусьсю, ёсьць сумнеў, кажа Андрэй Саньнікаў:
(Саньнікаў: ) “Гэта будзе таксама вырашаць новы ўрад Іраку, і я лічу, што тыя краіны, якія дапамагалі і імкнуліся дапамагчы дыктатуры Іраку, не народу, а менавіта дыктатуры, я ня думаю, што яны будуць у першых шэрагах тых, каму адчыняць дзверы ў Іраку ў справе гандлёва-эканамічных адносінаў. А беларускія ўлады, гэта відавочна, дапамагалі дыктатуры, і мы ведаем, што дапамагалі ў тым ліку і ваеннымі праграмамі”.
Андрэй Саньнікаў упэўнены, што Беларусь ня будзе прыярытэтам замежнай палітыкі новага ірацкага ўраду — з прычыны памылковай палітыкі афіцыйнага Менску. Таму нельга сказаць, ці захаваецца ў будучыні ў Менску ірацкая амбасада, хаця добрыя адносіны з новым Іракам маглі б быць карыснымі для Беларусі.