ХТО ПАВІНЕН ТРЫМАЦЬ КАНТРОЛЬ НАД ІРАКАМ?

Галіна Абакунчык, Менск

Многія сярод маіх выпадковых суразмоўцаў, спасылаючыся на складанасьць пытаньня, не маглі сказаць нічога пэўнага. Меркаваньні іншых падзяліліся: адны перакананыя, што на час падрыхтоўкі дэмакратычных выбараў новага кіраўніцтва становішча ў Іраку мусіць кантраляваць ААН, іншыя — што аб’яднаныя сілы кааліцыі. Вось як выказвалася першая група:

(Карэспандэнтка: ) “Хто сёньня мусіць кантраляваць становішча ў Іраку: сілы ААН альбо кааліцыйныя сілы?”

(Спадар: ) “Я нават ня ведаю. Мабыць, ААН. Мне здаецца, што там усё наладзіцца, і гэтая краіна пойдзе да дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “Мабыць, сілы ААН. Таму, што ААН мацнейшая, міжнародным сілам будуць больш давяраць. Іх падтрымлівае большасьць насельніцтва краіны”.

(Спадар: ) “Я думаю, толькі сілы ААН. Таму, што войскі кааліцыі некаторая частка людзей вітала. Але некаторая засталася незадаволеная, бо ў многіх падчас бамбаваньняў загінулі сваякі. Таму я думаю, што каб быў такі парытэт — канечне, ААН. Гэта найлепшая пэрспэктыва для Іраку”.

Іншая частка мінакоў, якія выказалася на карысьць кааліцыйных войскаў, так аргумэнтавала свою пазыцыю:

(Карэспандэнтка: ) “Хто сёньня мусіць кантраляваць становішча ў Іраку: сілы ААН альбо кааліцыйныя сілы?”

(Спадар: ) “Я лічу, што кааліцыйныя сілы: Амэрыка й Брытанія вельмі моцныя краіны”.

(Спадар: ) “Канечне, тыя, хто кантралюе ваеннае становішча. Тыя, якія сілавымі сродкамі зрынулі Садама Хусэйна”.

(Спадар: ) “Кааліцыя: ЗША, Гішпанія і Ангельшчына. Яны выдаткавалі свае сродкі, яны пайшлі на тое, што непрыемна — адпраўляць на радзіму труны. Яны заслужылі гэтае права”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў пра тое, хто мусіць кантраляваць становішча ў Іраку падчас пераходнага пэрыяду.