Адмысловец у справах Беларусі Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Рафал Садоўскі аналізуе апошнія прамовы Аляксандра Лукашэнкі, у якіх беларускі кіраўнік закранаў пытаньні дзяржаўнай ідэалёгіі.
Аўтар адзначае пэўныя зьмены ў рыторыцы Лукашэнкі. Калі летась кіраўнік краіны гаварыў перадусім пра неабходнасьць паляпшэньня гаспадарчай сытуацыі ў краіне і інтэграцыю з Расеяй, дык цяпер на першы плян высоўваецца кансалідацыя грамадзтва вакол ягонай ідэалёгіі. Дапамагаць гэтаму будуць адмыслоўцы ў справах дзяржаўнай ідэалёгіі, якіх Лукашэнка хоча накіраваць у працоўныя калектывы, а ў школах увесьці адпаведны прадмет. “Палітрукі” мусяць аберагаць беларусаў ад “лібэральнага тэрору”.
У працы зьвяртаецца ўвага і на тое, што Аляксандар Лукашэнка і надалей зьбіраецца ўмацоўваць менавіта выканаўчую ўладу, фактычна адбіраючы ў парлямэнту ролю органа ўлады заканадаўчай, насуперак традыцыям усяго дэмакратычнага сьвету.
Што да замежнай палітыкі Беларусі, дык Лукашэнка падтрымлівае шматполюсны ўклад сьвету, і таму галоўнымі хаўрусьнікамі Беларусі маюць быць Расея і Кітай, якія таксама выступаюць супраць дамінацыі ЗША. Адначасова беларускі лідэр нэгатыўна ставіцца да інтэграцыі з Эўрапейскім Зьвязам.
У сваёй працы Рафал Садоўскі адзначае, што дзяржаўная ідэалёгія, якую прадстаўляе Аляксандар Лукашэнка, і ягонае бачаньне гісторыі Беларусі сьведчаць аб тым, што беларускі кіраўнік перадусім грунтуецца на старой савецкай рыторыцы і зьвяртаецца да найбольш кансэрватыўнай часткі беларускага грамадзтва – галоўнага фундамэнту ягонай улады. Лукашэнка хваліць камуністычную сыстэму БССР, нэгатыўна выказваецца пра часы ВКЛ і не прызнае 25 сакавіка 1918 году ў якасьці даты пачатку беларускай дзяржаўнасьці ў ХХ стагодзьдзі.
Польскі экспэрт адзначае, што ў сваёй ідэалёгіі Аляксандар Лукашэнка надае вялікую ўвагу ролі праваслаўнай царквы, якая падтрымлівае дзяржаўную ўладу.
“Узмацненьне ў Беларусі дзяржаўнай прапаганды, напэўна, мае сувязь з заплянаваным рэфэрэндумам у справе Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, а таксама парлямэнцкімі выбарамі 2004 году. Гэты рэфэрэндум, паводле шматлікіх камэнтароў, Лукашэнка можа выкарыстаць для падаўжэньня тэрміну сваёй улады”, – гэткай высновай завяршаецца праца “Дзяржаўная ідэалёгія Аляксандра Лукашэнкі”, распаўсюджаная напярэдадні Варшаўскім цэнтрам усходніх дасьледаваньняў.