Юлія Чыгір падала ў рэспубліканскую пракуратуру заяву, якая тычыцца другой крымінальнай справы супраць яе сына Аляксандра. Нагадаю, ён ужо адбывае зьняволеньне за тое, што паводле суду меў дачыненьне да крадзяжу чатырох аўтамабіляў. Але цяпер сына экс-прэм’ера чакае новы судовы працэс.
Сьледчы камітэт Міністэрства ўнутраных справаў правёў яшчэ адно расьсьледаваньне і лічыць, што Чыгір-малодшы нібыта наладзіў выкраданьне яшчэ дзесяці дарагіх іншамарак. Справа нават ужо перададзеная ў суд. Днямі зь ёй азнаёмілася маці падсьледнага Юлія Чыгір, прызнаная ягоным адвакатам, і абурылася. Яна прыйшла да высновы, што матэрыялы справы груба падробленыя, і яна падала ў пракуратуру Беларусі заяву з просьбай распачаць супраць сьледчых крымінальную справу.
Радыё Свабода Юлія Чыгір заявіла:
(Чыгір: ) “Паводле справы бачна, што ніхто не шукаў выкрадальнікаў аўтамабіляў, якія належалі пацярпелым, што фігуруюць у справе, затое бяз доказаў ва ўсім абвінавачваецца Аляксандар. Таму я апэлюю да двух артыкулаў: 393 — гэта прад’яўленьне абвінавачаньня бяз доказаў, і 394 — гэта фальшаваньне доказаў”.
Нагадаю, гэта ўжо другая спроба жонкі экс-прэм’ера прыцягнуць увагу пракуратуры да, як яна лічыць, несправядлівага стаўленьня сьледчых міліцыі да яе сына. Падобную скаргу яна падавала, калі расьсьледавалася першая справа супраць Аляксандра Чыгіра, але выніку гэта не дало. Сын экс-прэм’ера быў асуджаны да сямі гадоў калёніі. Калі яго прызнаюць вінаватым паводле новых эпізодаў, агульнае пакараньне можа павялічыцца ўдвая. Між тым, праваабаронцы Беларусі не выключаюць, што крымінальны перасьлед Чыгіра-малодшага зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра.