Старшыня партыі Мікола Статкевіч так тлумачыць гэта:
(Статкевіч: ) “Так рана мы ніколі не пачыналі. Але наш досьвед сьведчыць, што найбольшы посьпех у нас быў там (людзі выходзілі ў другі тур, было бачна, што нармальнае галасаваньне), дзе была праведзеная вялікая папярэдняя праца — ад канцэртаў, спартовых сьвятаў, раскідваньня ўлётак. У такіх гарадах партыя не сустракала нэгатыўнага да сябе стаўленьня. Там, дзе гэтая праца не была праведзеная (у нас ёсьць і такія гарады, напрыклад, Бабруйск), там, на жаль, такія факты адзначаліся”.
Кіраўнік БСДП (НГ) адзначыў, што партыйная стратэгія на новых выбарах у параўнаньні зь мясцовымі выбарамі застанецца нязьменнай. Яна заснаваная на стварэньні пазытыўнага іміджу партыі, яе рэгіянальных арганізацыяў і будучых кандыдатаў у дэпутаты. А вось тактыка зьменіцца, паколькі будуць абірацца толькі 110 дэпутатаў. Гаворыць Мікола Статкевіч:
(Статкевіч: ) “Акругаў ня тысячы. І тактыка, скажам так, прасачыцца дзесьці ў сярэдніх гарадох ужо не працуе. 110 акругаў будуць кантралявацца ўладамі. І тут магчымае толькі лабавое супрацьстаяньне, у першую чаргу ў Менску і буйных гарадах”.
“Народная грамада” зьбіраецца змагацца за зьмены Выбарчага заканадаўства, бо бяз гэтага, паводле Міколы Статкевіча, немагчыма зрабіць парлямэнцкія выбары дэмакратычнымі. Дарэчы, месяц таму лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі працы, Партыі камуністаў Беларускай і незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі заявілі, што пачынаюць агульнанацыянальную акцыю за празрыстыя і справядлівыя выбары. На пытаньне, што зроблена за гэты час, адказвае старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “На сёняшьні дзень падрыхтаваны пакет юрыдычнага абгрунтаваньня некалькіх крокаў, пачынаючы ад звароту ў Канстытуцыйны суд і заканчваючы зваротамі да Палаты прадстаўнікоў і напрацоўкі фармулёўкі для збору подпісаў насельніцтва. Гэты пакет часткова перададзены групе Фралова. І засталося гэтыя дакумэнты толькі запускаць”.