Мусульманін-шыіт Аднан Шакер задзірае сваю кашулю і паказвае мноства шнараў, якія спаласавалі яго грудзі. Пасьля ён паварочваецца, каб паказаць сьпіну, пакрытую апёкамі ад цыгарэтаў. У Аднана, – піша аўтарка артыкулу Сузан Глясэр, – дэфармаваная пераломам рука і скрыўленыя два пальцы. Ён бярэ электрычны дрот, што спускаецца са столі, і паказвае, як яму завязвалі ззаду рукі, падвешвалі над падлогай і зьбівалі.
Злачынства, якое зьдзейсьніў Аднан Шакер – удзел чатыры гады таму ў шыіцкім паўстаньні супраць партыі Баас, у якой дамінуюць мусульмане-суніты на чале з Садамам Хусэйнам. Калі Аднана арыштавалі тры гады назад, ён не прызнаўся ў сваёй антыўрадавай дзейнасьці, і тады яго абвінавацілі ў крадзяжы мяшка мукі і пачалі катаваць. Каты дамагаліся ад яго ўсяго адной фразы. “Яны хацелі, каб я сказаў, што я супраць партыі,” – кажа Аднан Шакер.
Паўстаньне шыітаў у паўднёвым Іраку выбухла ў 1999 годзе. Прычынаю было паведамленьне аб тым, што лідэр шыітаў, Вялікі Аятала Махамад Садзік Садр быў забіты разам зь яго двума сынамі ў сьвятым для шыітаў горадзе Наджаф. І тады, – цытуе “Washington Post” былога вязьня Аднана Шакера, – мы абвесьцілі сунітам джыгад.
Паўстаньне 1999 году было жорстка падаўленае, як і папярэдняе паўстаньне шыітаў падчас апэрацыі “Бура ў пустыні”. Тады амэрыканцы і брытанцы не падтрымалі шыітаў. А вось зараз вызваленьне нечакана прыйшло з брытанскімі жаўнерамі. Адным зь першых у Басры быў захоплены шыкоўны летні палац Садама Хусэйна, які зараз ператвораны ў камфартабельныя казармы для братанскіх аддзелаў.
Вызваленьне для вязьняў-шыітаў турмы ў Басры прыйшло разам з брытанскімі вайскоўцамі раніцай у нядзелю. І нягледзячы на крыўду за 1991 год, зьняволеныя, паводле іх словаў, радасна крычалі: “Нашыя браты ідуць!” Яны пабылі на свабодзе ўсяго два дні і ў аўторак самі прыйшлі ў турму, каб паказаць журналістам, як над імі зьдзекваліся і каб сьведчыць за тых, хто катаваньні не перажыў.
Аднан Шакер, чые сьведчаньні апублікавала “Washington Post, – толькі адзін з сотняў вязьняў-шыітаў. Нягледзячы на тое, што ён мае дома чатырох галодных дзяцей і павінен дбаць пра сям’ю, ён яшчэ жыве мінулым. Размову з журналісткай ён закончыў словамі: “Я хачу забіць усіх членаў партыіі Баас, я хачу забіць Садама”.