ПАДАТКОВЫЯ ОРГАНЫ СПРАБУЮЦЬ РАЗЬВЯЗАЦЬ ПРАБЛЕМЫ З ДЭКЛЯРАВАНЬНЕМ ДАХОДАЎ ГРАМАДЗЯН

Юры Сьвірко, Менск

Сёлета 13 лютага пачаў дзейнічаць новы закон “Аб дэкляраваньні фізычнымі асобамі даходаў, маёмасьці й крыніцаў грашовых сродкаў”. Ён быў прыняты замест прэзыдэнцкага дэкрэту №2, які быў падпісаны яшчэ ў 1997 годзе. Аднак цяпер склалася парадаксальная сытуацыя — адначасова дзейнічаюць і новы закон, і стары дэкрэт, якому ўжо 6 гадоў. У некаторых момантах два дакумэнты не супадаюць. Таму на разгляд Савету Міністраў быў вынесены праект яшчэ аднаго ўказу, якім будзе скасаваны дэкрэт.

Новы ўказ прадугледжвае старыя меры адказнасьці: калі нехта не падаў дэклярацыю, суд можа аштрафаваць яго на суму ад 5 да 50 базавых велічыняў, то бок да 665 тысяч рублёў.

Кіраўніца аддзелу дэкляраваньня Міністэрства падаткаў і збораў Марына Грыгарчук кажа, што ў праекце новага ўказу захоўваюцца тыя ж меры адказнасьці, што і ў старым дэкрэце, але дадае:

(Грыгарчук: ) “Гэтыя меры адказнасьці ўжо ўнесеныя ў праект новага Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, таму ўказ прымаецца толькі на пэрыяд, пакуль ня будзе прыняты новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях”.

Такім чынам, беларускія падаткаплатнікі мусяць выконваць цяпер і стары дэкрэт, і новы закон, і яшчэ чакаць указу, а потым Адміністрацыйнага кодэксу. Праблема ў тым, што патрабаваць ад грамадзянаў дэклярацыі маюць права ня толькі падатковыя інспэкцыі, але таксама органы ўнутраных справаў, КГБ, пракуратура і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Дзейнасьць апошняга выклікае шмат скаргаў ад беларускіх бізнэсоўцаў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава зазначае, што ў першы дзень сэсіі палаты яе сьпікер Вадзім Папоў спрабаваў з парушэньнем рэглямэнту правесьці прыняцьце зьменаў у заканадаўстве, паводле якіх Камітэт дзяржаўнага кантролю атрымліваў функцыі апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Асаблівую заклапочанасьць дэпутатаў палаты, паводле спадарыні Абрамавай, выклікае наступная сытуацыя:

(Абрамава: ) “Любое правапарушэньне з боку супрацоўнікаў Камітэту дзяржкантролю ў самім гэтым органе не падлягае расьсьледаваньню”.

І гэта датычыцца ня толькі незаконных патрабаваньняў падаць дэклярацыі аб даходах. Вольга Абрамава падкрэсьлівае:

(Абрамава: ) “Я ведаю, што вельмі вялікая колькасьць справаў потым пераглядаецца па сустрэчных пазовах, і прадпрымальнікі й суб’екты гаспадаркі адыгрываюць іх. А як ацаніць тады тыя маральныя і фінансавыя страты, якія наносяцца дзеяньнямі Камітэту дзяржкантролю?”

Камітэт дзяржаўнага кантролю, аднак, мае права патрабаваць дэклярацыі аб даходах ад тых фізычных асобаў, якіх захоча праверыць. А блытанае заканадаўства такім праверкам толькі спрыяе.