“ГЭТЫЯ ЛЮДЗІ ТУТ ДЛЯ ТАГО, КАБ ДАПАМАГЧЫ НАМ, АЛЬБО ТОЛЬКІ ЗАБРАЦЬ НАШУЮ НАФТУ?”

Ул. інф.

“Клініка у Ум-Касры ўяўляе сабой жахлівае відовішча нават для тых, хто там працуе. Калі вы наведнік, падрыхтуйцеся перад тым, як увайсьці”. Чарлз Рэкнэгель апісвае далей свой візыт у гэтую клініку, дзе ён адразу сустрэўся з бацькам 11-месяцавай дзяўчынкі. Ён у адчаі кінуўся па дапамогу да журналіста, прыняўшы яго за лекара. Ён і ягоная жонка намагаліся перакрычэць натоўп іншых людзей, якія таксама спрабавалі прыцягнуць увагу журналіста.

Бацькі расказалі, што яны прывезьлі дзяўчынку ў клініку з Зубэйра – мястэчка, што непадалёк ад Ум-Касру. Пасьля таго, як іхны дом трапіў пад абстрэл брытанскіх войскаў, яны спачатку накіраваліся ў Басру. Аднак, у перапоўненым шпіталі ў Басры ім параілі ісьці ў порт Ум-Каср, які перайшоў пад кантроль кааліцыі. Аднак, тамтэйшая клініка пад назвай “Маці ўсіх бітваў” таксама аказалася перапоўненая пацыентамі. Пэрсанал, які налічвае двух лекараў і 25 мэдычных сясьцёр, працуе па 12 гадзінаў. Але ён ня можа даць рады бязь лекаў, у тым ліку антыбіётыкаў, якія даўно скончыліся.

Дзяўчынка, у якой дыягназавалі крывазьліцьцё ў мозг, толькі ў клініцы ўпершыню за апошні час троху паела. Яе бацькі спадзяваліся на зьяўленьне брытанскага лекара як на цуд. Карэспандэнт Радыё Свабода разам зь ягоным калегам узялі хворую дзяўчынку разам з бацькамі ў брытанскі ваенны лягер каля Ум-Касру, дзе утрымліваюцца каля 4 тысяч іраксікх ваеннапалонных. Аднак, там ім паведамілі, што ня могуць дапамагчы, бо ня маюць ніводнага дзіцячага лекара – толькі тых, хто спэцыялізуецца на баявых раненьнях. Лекары, аднак, зрабілі ўсё, што маглі – яны прынесьлі кансэрвы з высокаякасным расьлінным пюрэ, якое можа лёгка засвойвацца дзіцячым арганізмам. Яны таксама далі лекі супраць паносу. Пасьля гэтага давялося вяртацца ў клініку ва Ўм–Касры.

Супрацоўнік клінікі Сафа Калаф расказаў пра нядаўні напад марадзёраў на шпіталь:

“Яны прыйшлі на склад, дзе пачалі ламаць дзьверы, і яны ўварваліся ў пакоі мэдсёстраў, дзе сталі хапаць вату, марлю ды іншыя перавязачныя матэрыялы”.

Па словах Калафа, пэрсанал быў глыбока дэмаралізаваны гэтым выпадкам. У апошнія дні брытанскія салдаты спрабуюць спыніць рабаваньні вакол Ум –Касру. Але, нягледзячы на ўсе заявы камандаваньня аб хуткай дапамозе насельніцтву, гуманітарны груз усё яшчэ не прыбыў у адзіную клініку ў горадзе.

За 12 гадоў санкцыяў ААН больш за паўмільёна іракскіх дзяцей памерлі ва ўзросьце да пяці гадоў з-за недахопу харчаваньня і хваробаў страваваньня. Многія іракцы кажуць, што яны гатовыя да любых зьменаў, якія палепшылі б умовы іх жыцьця. Бацька згаданай ужо маленькай хворай дзяўчынкі, запытаўся: “Гэтыя людзі тут для таго, каб дапамагчы нам, альбо толькі забраць нашую нафту?”

Саюзьнікам трэба даць хуткі адказ на гэтае пытаньне, калі яны хочуць пераканаць іракцаў у тым, што перамога прынясе ім выгоды, а не новыя пакуты – гаворыць на завяршэньне свайго рэпартажу Чарлз Рэкнэгель.