7 КРАСАВІКА — ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ

Валянціна Аксак, Менск

Бог і Беларусь былі мэтаю, сэнсам і зьместам жыцьця і творчасьці Ларысы Геніюш. “Як жыць, дык жыць для Беларусі, а безь яе — зусім ня жыць!” Гэты патасны дэвіз выпісала яна на сьцягу быцьця болем вымушанага расстаньня з радзімаю, пакутамі ў сталінскіх канцэнтрацыйных лягерах, пасьля — да астачы дзён — доляю эмігранткі ў родным краі. Але і заўсёднаю вераю ў свой, Богам абаронены народ. Гэтая ейная рыса паўплывала ў час разгулу атэізму і змаганьня з рэлігіяй на многіх, хто ведаў паэтку.

Прыгадвае гісторык Міхась Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “Яе беларускасьць і разам з тым рэлігійнасьць глыбокая на мяне моцна паўплывала ў адносінах пашаны да рэлігіі, да людзей, якія шчыра веруюць. Канечне, яе нязломная пастава да гэтага мацавала і мяне. Я сам чалавек мяккі па натуры, але часам, калі трэба, станаўлюся даволі такі цьвёрды. Гэта таксама яе ўплыў”.

Цьвёрдасьці характару Міхася Чарняўскага якраз і даверылася пазьней Ларыса Геніюш, калі перадала яму на захаваньне рукапіс успамінаў, якія пад назовам “Споведзь” былі надрукаваныя ўжо пасьля ейнай сьмерці спачатку ў часопісе “Маладосць”, а затым выйшлі асобнаю кнігай.

Многія са старонак гэтае кнігі прыгадвалі ўдзельнікі вечарыны памяці паэткі, якая адбылася 7 красавіка ў менскім Доме літаратара. Але гаварылі і пра чалавечае сьвятло, якое выпраменьвала гэтая незвычайная жанчына. Вось дэталі прыгадаў мастацтвазнаўцы Валянціны Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Я памятаю, як мяне тады ўразілі яе некаторыя разважаньні. Мы прывыклі, што чалавек высокіх ідэалаў быццам бы павінен — вобраз такі звычайна ствараецца — гаварыць высокія прамовы, нібы з трыбуны ўвесь час, быць такім прарокам. А яна была сардэчная шчырая жанчына і яна гаварыла менавіта жаночымі інтанацыямі. І гэта ўражвала найбольш. Напрыклад, яна любіла казаць, што нашыя жанчыны маюць добры густ, і яны маюць права быць апранутыя, як жанчыны ў Парыжы…

Мы разам зь ёю пяклі пірог і гаварылі пра ўсялякія кулінарныя рэчы зь недалёкай мінуўшчыны… Яна стала апякункай майго малодшага сына, які меўся тады толькі яшчэ нарадзіцца. Яна так хораша і так цёпла гаварыла пра тое, што вось жанчыне дадзена такое шчасьце — дарыць жыцьцё, што я цяпер яе словы паўтараю ўсім сваім маладзейшым каляжанкам…”

Пашанотныя імпрэзы з нагоды дня памяці Ларысы Геніюш пачаліся ў Беларусі прэзэнтацыяй кампакт-дыску песьняў на вершы паэткі, якія напісаў мастак і музыка Алесь Лось. Прэзэнтацыя адбылася 6 красавіка ў Гальшанах. Дарэчы, гэта ўжо другі дыск песьняў на вершы Геніюш. Першы тры гады таму запісалі “Беларускія песьняры”.

8 красавіка ў філіі музэя Максіма Багдановіча, званай “Беларуская хатка”, таксама пройдзе вечарына памяці паэткі. Усе імпрэзы ладзяцца грамадзкімі суполкамі. Дзяржава па-ранейшаму не ўважае Ларысу Геніюш за паэтку, якая кожным сваім словам набліжала незалежнасьць краіны. І калі літаратурную рэабілітацыю паэткі зрабіла тры гады таму недзяржаўнае выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, выпусьціўшы нецэнзураваны збор твораў Ларысы Геніюш, то палітычную рэабілітацыю яе імя чакае да гэтага часу.

Накінутыя карнымі органамі ў 1948 годзе абвінавачаньні ў здрадзе БССР, грамадзянкай якой яна ніколі не была, тым ня менш ня зьнятыя да сёньня. Дом у Зэльве, у якім паэтка жыла ад выхаду з ГУЛАГу ў 1956 годзе і да дня сьмерці, аддадзены не пад музэй, а пад жытло чужым людзям. А вуліца, на якой стаіць гэты дом, называецца па-ранейшаму — Савецкая.