У КАМЭРАХ СПЭЦПРЫЁМНІКА ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ СТАНОВІЦЦА МЕНЕЙ

Любоў Лунёва, Менск

Зьмітра Філіповіча і Вячаслава Сіўчыка, нягледзячы на завіруху і халоднае надвор’е, сустракалі каля двух дзясяткаў чалавек. Яны сустрэлі вязьняў сумленьня воклічамі “Жыве Беларусь!”

Зьміцер Філіповіч адбыў арышт другі раз запар. Першы раз яго арыштавалі на 7 сутак у судзе Савецкага раёну Менску за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 14 лютага, у Дзень сьвятога Валянціна. Другі раз Зьмітра затрымалі амонаўцы падчас “зачысткі” разам зь Вячаславам Сіўчыкам 23 сакавіка. У судзе Ленінскага раёну іх арыштавалі на 15 сутак кожнага. У Вячаслава Сіўчыка гэта ўжо адзінаццатая “адседка”.

(Сіўчык: ) “Абыходжаньне было традыцыйнае. Пры лукашэнкаўскім рэжыму да людзей ня ставяцца, як да людзей. Нічога новага тут не было. Адзінае, гэта тое, што ў пэўнай ступені гэта была сумная “адседка”. Бо мяне найбольш клапоціць баязьлівая пазыцыя беларускай эліты, частка якой служыць Лукашэнку, а частка што толькі для сябе ні знаходзіць, абы не паспрабаваць уратаваць наш народ. Адзінае добрае, што за гэты час да эліты пачало даходзіць, што Масква хоча праводзіць тут рэфэрэндум па канстытуцыйным акце. Шкада, што мы ня выкарысталі Дзень Волі менавіта дзеля таго, каб змагацца з гэтым маскоўскім рэфэрэндумам”.

Вячаслаў Сіўчык на трэці дзень свайго арышту напісаў заяву на імя кіраўніка спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка з патрабаваньнем азнаёміць яго з копіяй судовай пастановы і выклікаць пракурора нагляду. Копію судовай пастановы Вячаслаў Сіўчык атрымаў 1 красавіка. Адразу пасьля гэтага ён напісаў скаргу на імя гарадзкога пракурора спадара Куліка, у якой паведаміў, што судзьдзя адмовіў у адвакаце, а ў пратаколе запісаў, што ён, Сіўчык, нібыта адмовіўся даваць паказаньні.

Вячаслаў Сіўчык паведаміў Радыё Свабода, што будзе намагацца праз суд прыцягнуць да адказнасьці судзьдзю Ленінскага раёну Аляксандра Шылька за фальшаваньне судовага пратакола і парушэньне дзейнага працэсуальнага заканадаўства. Спадар Сіўчык разьлічвае спагнаць з судзьдзі грашовую кампэнсацыю за маральныя страты.