ЦІ ХОЧУЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ЮНАКІ СЛУЖЫЦЬ У РАСЕЙСКІМ ВОЙСКУ?

Галіна Абакунчык, Менск

Пракамэнтаваць выказваньні расейскага міністра беларускія вайскоўцы адмаўляліся, спасылаючыся на неінфармаванасьць і нават армейскую дысцыпліну. Затое юнакі прызыўнога ўзросту гаварылі ахвотна, часам на карысьць кантрактнай службы ў Расеі. Але з тае прычыны, што гэта ёсьць адной з магчымасьцяў унікнуць беспрацоўя на радзіме.

(Юнак: ) “Вельмі складанае пытаньне, бо ёсьць шмат станоўчых момантаў і шмат адмоўных. З гледзішча таго, што люді беспрацоўныя ў нас, гэта добра, бо яны змогуць зарабіць грошы. Зь іншага боку, Расея мае шмат праблемаў з Чачэніяй і іншымі краінамі, і гэта вельмі небясьпечна”.

(Юнак: ) “Лепей служыць па кантракце, чым так ісьці служыць, бо, лічы, два гады згубленыя. А ўвогуле войска ў прынцыпе не патрэбнае”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы самі ці пайшлі б служыць па кантракце ў расейскае войска?”

(Юнак: ) “Хіба, каб не было чаго есьці і калі б не было іншай магчымасьці зарабіць грошы”.

(Юнак: ) “Я ня супраць, бо гэта дадатковыя працоўныя месцы — і хто захоча, той зможа пайсьці туды працаваць. Зь іншага боку, у Расеі цяпер такое становішча, што там вайна й нашыя хлопцы, якія туды пойдуць, будуць уцягнутыя ў гэтыя бойкі. І нічога яны там не заробяць, а жыцьцё сваё могуць пакласьці”.

Аднак пераважная бальшыня апытаных хлопцаў заявіла, што яны ў прынцыпе супраць вайсковай службы, тым больш у расейскім войску.

(Юнак: ) “На мой погляд, найперш такую заяву добра было б узгадніць з адпаведнымі ведамствамі нашай краіны. Каб яе зрабіў міністар замежных справаў Беларусі, а найлепш прэзыдэнт. Але я чуў, што прэзыдэнт трымаецца таго пункту гледжаньня, каб не пасылаць нашых хлопцаў ваяваць у іншыя краіны. У нашай Канстытуцыі запісана, што гэта нельга рабіць і ўвогуле па гэтым пытаньні трэба праводзіць рэфэрэндум, а не рабіць гэта ў прымусовым парадку”.

(Юнак: ) “Я лічу, што не патрэбная нам служба ў Расеі. Гэта іншая дзяржава, там вайна, а мы краіна мірная. Нам не вайна патрэбная, а трэба працаваць на сваю эканоміку”.

(Юнак: ) “У расейскае войска? Не, не пайшоў бы, бо я больш беларус, чым расеец, хоць мая маці й з Расеі. Кантрактная служба — гэта лепш, і ў Беларусі трэба яе ўводзіць. Але я патрыёт Беларусі, лепш пайду ў беларускае войска задарма, чым у расейскае за грошы”.

Паводле расейскага міністра, у Беларусі нібыта было праведзенае апытаньне сярод моладзі, якое выявіла станоўчы настрой адносна расейскай кантрактнай службы. Аднак ніводзін з маіх выпадковых суразмоўцаў не сказаў, што хацеў бы паслужыць на карысьць Расеі.