Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі 4 красавіка ў суд Цэнтральнага раёну Менску на знак салідарнасьці з Аксанай Новікавай. Сярод іх былі журналісты, палітыкі, прадстаўнікі амэрыканскай амбасады і АБСЭ.
Падставай для абвінавачаньня Аксаны Новікавай у паклёпе на Лукашэнку сталі ўлёткі, якія яна летась распаўсюджвала на Кастрычніцкай плошчы. Улёткі выглядалі як міліцэйскія абвесткі пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі аўтары надрукавалі пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на іх думку, ён парушыў.
Судзьдзя Валеры Есьман зачытаў прысуд — за паклёп на Лукашэнку два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Гэта значыць, што калі Аксану Новікаву на працягу гэтых двух гадоў затрымаюць падчас вулічнай акцыі альбо зафіксуюць парушэньне ёю ўмоваў вызначаных паводзінаў, яе пазбавяць волі на два гады.
Вось што паведаміла Аксана Новікава Радыё Свабода адразу пасьля абвяшчэньня прысуду:
(Новікава: ) “Улічваючы тое, што ўсіх судзьдзяў у Беларусі прызначае прэзыдэнт, іншага прысуду мы й не чакалі. Апраўдальнага прысуду не магло й быць. Судзьдзя казаў, што мая віна даказаная. Але гэта не пацьвердзілася ні расьсьледаваньнямі, ні з допыту сьведкаў. Таму я й лічу, што суд быў праведзены фармальна, толькі каб не даваць астатнім дурнога прыкладу, бо ў нас нельга свабодна распаўсюджваць інфармацыю”.
Адвакат Аксаны Павал Сапелка кажа, што ніколі раней не сутыкаўся з тым, каб выносілі такое пакараньне ў справе, у якой няма ніводнага доказу віны.
(Сапелка: ) “Вельмі насьцярожвае той факт, што суды пачалі ігнараваць нават працэсуальныя нормы, якія могуць стаць падставай для адмены прысуду ў касацыйнай інстанцыі. У гэтым судовым паседжаньні былі парушаныя правы абароны прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы і нават прапаноўваць уносіць у пратакол паседжаньня тыя заўвагі, якія абарона мае права рабіць на бок суду”.
Крымінальная справа Аксаны Новікавай — чацьвертая запар, якую распачала пракуратура за паклёп на Лукашэнку. Раней паводле гэтага артыкулу судзілі толькі журналістаў: Паўла Мажэйку, Міколу Маркевіча і Віктара Івашкевіча. Старшыня праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэй Бастунец сачыў за працэсам.
(Бастунец: ) “Здарылася тое, пра што Беларуская асацыяцыя журналістаў папярэджвала. Гэтыя артыкулы Крымінальнага кодэксу ўжо дзейнічаюць ня толькі супраць журналістаў, але й супраць звычайных грамадзянаў, якія ў СМІ не працуюць. Ва ўсім сьвеце да публічных асобаў іншае стаўленьне, чым да звычайных грамадзянаў. Яны маюць іншыя сродкі для сваёй абароны. Яны ведалі, на што ішлі, калі займалі гэтую пасаду. У Беларусі для Лукашэнкі ёсьць яшчэ тры артыкулы ў Крымінальным кодэксе. Суд пайшоў тым жа шляхам, як і з Івашкевічам, Мажэйкам і Маркевічам”.
Аксана Новікава паводле прысуду павінна адзначацца ў міліцэйскім пастарунку і ня мае права без дазволу ўладаў выяжджаць за межы гораду. Яна паведаміла, што будзе абскарджваць судовы прысуд, але не спадзяецца на станоўчы вынік.