Апытаньні экспэртаў праводзіліся на пачатку тыдня, да таго, як войскі саюзьнікаў наблізіліся на 30 кілямэтраў да Багдаду.
Экспэрт у справах Блізкага Ўсходу Джэрэмі Біні лічыць, што “ЗША і Вялікабрытанія павінныя будуць суадносіць палітычныя мэты зь верагоднымі ахвярамі як сярод саюзьнікаў, так і сярод цывільнных грамадзянаў Іраку”.
На думку Гарта Ўіты, кіраўніка аддзелу у справах бясьпекі Лёнданскага каралеўскага інстытуту, “посьпехі даволі значныя, хаця і не такія, як чакалася некаторымі. Людзі параўноўваюць цяперашняе з вайной ў затоцы ў 1991 годзе, калі сама вайна заняла тры альбо чатыры дні. Але гэтым некалькім дням папярэднічал 39 дзён бамбаваньняў. Абставіны таксама розняцца. Тады выціскалі захопнікаў, цяпер жа самі першымі пачалі наступ”.
Ананімны экспэрт у праблемах Іраку з Індыі лічыць, што “амэрыканцам давядзецца распрацаваць стратэгію з улікам таго, што няма падтрымкі з боку народу, на якую ЗША разьлічвалі. Канечне, амэрыканцы могуць зраўняць Багдад з зямлёй на працягу 72 гадзінаў, але палітычныя мэты прымушаюць шукаць іншыя варыянты. Празь некалькі дзён мы пабачым, як яны скарыстаюць тыя перавагі, якія даюць ракеты дакладнага кіраваньня”.
Абдэль-Бары Атван з газэты “Al-Quds”, якая выдаецца ў Лёндане, прагназуе, што амэрыканцы пакінуць Ірак ня хутка. Той урад, які будзе створаны, ня здолее ўтрымацца без падтрымкі амэрыканскіх і брытанскіх вайскоўцаў, прычым ягоная ўлада будзе распаўсюджаная толькі на Багдад, сытуацыя ж у астатняй частцы Іраку будзе нагадваць рэгіёны Афганістану, якія знаходзяцца пад кантролем вайскоўцаў. Калі амэрыканцы хочуць аднавіць у Іраку грамадзкі парадак, спатрэбіцца 10-15 гадоў, – лічыць экспэрт.
Супрацоўнік Сынгапурскага інстытуту ў справах абароны і стратэгічных дасьледаваньняў Эндру Тан мяркуе, што “асноўная частка сілавой апэрацыі будзе завершаная у тэрмін ад трох да чатырох месяцаў, але супраціў будзе цягнуцца яшчэ доўга. Наагул, гэта залежыць ад таго, як хутка амэрыканцам удасца стварыць тут легітымны ўрад. Гэта можа пераўтварыцца ў сапраўдную дрыгву, калі Злучаным Штатам ня ўдасца зрабіць гэтую справу хутка.
У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў на кампанію барацьбы з тэрарызмам, паколькі ЗША і Вялікабрытанія пачалі вайну бяз санкцыі ААН – лічыць аналітык з Сынгапуру Эндру Тан.