АМЭРЫКАНСКІЯ ВОЙСКІ ПРАБІВАЮЦЦА ДА БАГДАДУ

Рон Сынавіц, Кэрбэла

Зараз мы разгорнутыя ў баявую пазыцыю каля Кэрбэлы. На працягу апошніх 6 дзён я бачыў бесьперапынныя авіяўдары, выбухі ракетаў, гарматны абстрэл пазыцыяў рэспубліканскай гвардыі, якая абараняе Кэрбэлу з захаду і з усходу. Амэрыканскія сілы зараз прабіваюцца на поўнач, на Багдад.

Баявы дух амэрыканскіх войскаў застаецца высокім, бо яны наступаюць. Магчыма, людзі, якія чытаюць навіны, мяркуюць, што марш на Багдад запаволіўся і нават спыніўся. Але трэба ўлічваць, што падчас першай вайны ў Затоцы 5 тыдняў працягваліся авіяўдары, перш чым пачалася сухаземная апэрацыя, а цяпер дзеяньні сухаземных войскаў пачаліся адначасна з ударамі авіяцыі. Тое, што войскі бачаць на зямлі, ёсьць, па сутнасьці, авіяцыйная вайна, якая адбываецца паблізу ад іх. Гэта павялічвае эфэктыўнасьць авіяўдараў па рэспубліканскай гвардыі і іншых ірацкіх злучэньнях. З таго моманту, як амэрыканскія войскі выйшлі на дыстанцыю, зь якой бачаць пазыцыі рэспублікаскай гвардыі і іншых злучэньняў ірацкага войска, дакладнасьць авіяўдараў амэрыканскай авіяцыі істотна павялічылася.