(Карэспандэнт: ) “Каму выгоднае падпісаньне саюзнае дамовы Беларусі й Расеі?”
(Спадар: ) “Я да гэтага стаўлюся крайне адмоўна. Я лічу, што дзяржава мусіць быць дзяржавай. Я ня супраць усялякіх саюзных адносінаў – выключна на эканамічнай аснове”.
(Вайсковец: ) “Я, як вайсковец, магу сказаць, што ў Беларусі служыцца добра. То бок, мне не патрэбнае аб’яднаньне з Расеяй, каб не ісьці ў гэтую Чачэнію служыць, ці яшчэ куды-небудзь”.
(Пэнсыянэрка: ) “Мы лепш ня сталі жыць, а горш. Таму я ня ведаю, для каго ён выгодны. Ва ўсялякім разе, ён для простага народа нічога добрага не прыносіць”.
(Студэнтка: ) Я жыву ў такой сям’і, дзе ёсьць і расейцы, і беларусы. Расейцам тут складана. Складана ўладкавацца на працу, складана езьдзіць на расейскай машыне, яе спыняюць часьцей. Ну і беларусам у Расеі таксама не лягчэй. Правоў у нас там ня болей. Таму…”
(Карэспандэнт: ) “Саюзу вы не адчуваеце?
(Студэнтка: ) “Не”.
(Маладая спадарыня: ) “Я лічу, што гэты саюз – бязглузды”.
Прыхільнікі саюзу тлумачаць сваю пазыцыю наступным чынам:
(Спадар: ) “Усім, і ім, і нам. Адна дзяржава – прасьцей жыць”.
(Спадарыня: ) “Я ўвогуле лічу, што гэта адна народнасьць, адна нацыя, таму за саюз. А ў чым выражаецца – гэта не мае праблемы”.
(Спадар: ) “Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым будзе лепш для абедзьвюх краінаў. Для Расеі, яна атрымае беларускія трактары, а Беларусь атрымае сыравіну расейскую”.
(Спадарыня: ) “Усё-ткі мы ня можам жыць асобна адзін ад аднаго”.
І нарэшце, найбольшая група апытаных мяркуе, што саюзная дамова найперш выгодная Расеі з прычыны таннага транзыту празь беларускую тэрыторыю:
(Спадарыня: ) “Канечне, Расеі. Мабыць, у іх імпэрскія амбіцыі – калідор… Ну, я поглядаў такіх – супраць Расеі”.
(Спадарыня: ) “Я мяркую, гэта выгодна вялікім расейскім бізнэсмэнам. Я думаю, нам – беларусам – гэта зусім не выгодна. Мы атрымалі незалежнасьць, і мусім яе берагчы”.
(Студэнт: ) “Найбольш выгодна для Расеі. Яна ўпэўненая, што Беларусь нічога ня значыць як краіна. Для Беларусі саюз для самаго прэзыдэнта й усёй вярхушкі выгодны”.
(Спадарыня: ) “Найбольш выгодны Расеі, бо нашая краіна мае сувязі тэрытарыяльныя, праз якія Расея можа кантактаваць зь эўрапейскімі краінамі”.
(Студэнтка: ) “Напэўна, Расеі ўсё-такі выгодней. Таму што Беларусь у цэнтры Эўропы, праходзяць асноўныя дарогі”.
(Спадар: ) “Больш выгодна Расеі – транзыт бясплатны будзе праз Беларусь. Ну а Беларусі лепш быць незалежнай ад Расеі”.