УСЕБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПАДТРЫМАЛІ КАЛЯ ПАЛОВЫ ГАНДЛЯРОЎ МЕНСКІХ РЫНКАЎ

Галіна Абакунчык, Менск

Гэта ўжо другі агульнабеларускі страйк гандляроў за апошнія тры тыдні. Патрабаваньні да ўладаў яны выстаўляюць тыя ж: перадусім – зьнізіць падаткі, абмежаваць усёдазволенасьць шматлікіх кантрольных органаў, а праз гэта скасаваць дзяржаўны ціск на дробны бізнэс. Так, цалкам пустымі былі гандлёвыя шэрагі прамысловых тавараў на буйным сталічным рынку Чэрвеньскі. Вось што пра ўдзел у страйку казалі ягоныя ўдзельнікі.

(Гандлярка: ) “Страйкуем таму, што вялікія падаткі. Вось і не працуем”.

(Гандляр: ) “Хочам працаваць спакойна, бязь ціску з боку ўлады, бо ня можам больш цярпець”.

(Гандлярка: ) “Самі знайшлі сабе працу, самі возім, самі стараемся, а тут не даюць”.

(Гандлярка: ) “Прэзыдэнт наш – паслухайце што ён пра нас кажа. Ён жа нас за людзей ня лічыць. А спытайцеся, хто яго любіць?”

(Карэспандэнтка: ) “Якія будуць вашыя дзеяньні ў выпадку, калі ня будзе выніку акцыі?”

(Гандляр: ) “Будзем зачыняцца, бо працаваць нам ужо няма як. Пойдзем у тое войска, якое п’е, бадзяецца й хуліганіць”.

(Гандлярка: ) “Мы ўсе вылецім у трубу: будзе галеча й пойдзем красьці – іншага выйсьця ў нас няма”.

На Чэрвеньскім рынку на працоўных месцах заставаліся толькі гандляры садавінай ды гароднінай, але выключна з прычыны спэцыфічнасьці тавару – кажа адзін зь іх:

(Гандляр:) “Мы іх падтрымліваем, але ж у нас тавар такі – садавіна й гародніна – хутка псуецца, і трэба прадаваць”.

Крыху іншае становішча можна было назіраць на другім буйным менскім рынку “Дынама”: многія гандляры моцна вагаліся, ці адчыняць намёты й шапікі. Некаторыя зь іх усё ж распачыналі працу, і вось як тлумачылі сваё рашэньне:

(Гандляр: ) “Я лічу, што дрэнная арганізацыя. Калі зачыняцца, дык на месяц”.

(Гандлярка: ) “Калі б не плаціць свае падаткі цалкам за цэлы месяц. А што гэта: падаткі заплацілі й у кішэню паклалі, і пляваць ураду на гэты адзін дзень”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы не пайшлі бы месяц на працу?”

(Гандляр: ) “Я гатовы”.

У прадпрымальніцкім страйку ў Менску бралі ўдзел рынак “Трактар”, часткова “Ждановічы”, усяго гэта – каля паловы ад агульнай колькасьці гандляроў. Вось як гэтыя зьвесткі, а таксама скаргі гандляроў на дрэнную арганізацыю камэнтуе лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Мы й не разьлічвалі на сто адсоткаў. Вы думаеце, што мы не хацелі бы месяц страйкаваць? Але фінансавае становішча прадпрымальнікаў сёньня такое, што яны ня змогуць працаваць увесь месяц. Форму барацьбы й тактыку мы будзем мяняць”.

Акрамя таго, сябры “Пэрспэктывы” сустрэліся з дэпутатамі парлямэнцкай фракцыі “Рэспубліка” й перадалі ім ліст пратэсту з патрабаваньнямі адмяніць прэзыдэнцкія дэкрэты. Ліст падпісалі каля 20 тысячаў гандляроў у розных рэгіёнах краіны. Лідэр “Пэрспэктывы” ў сустрэчы ўдзелу ня браў, бо міліцыя й да сёньня палюе на яго, каб арыштаваць за ўдзел у маршы пратэсту “За лепшае жыцьцё”.