МНОГІЯ ПАСАЖЫРЫ АБУРАНЫЯ ПАДАРАЖАНЬНЕМ ЧЫГУНАЧНЫХ КВІТКОЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Людзям, што выходзілі ці сядалі ў прыгарадную электрычку, я задаваў пытаньні: “Як гэтае падвышэньне цэнаў на праезд паўплывае на ваш бюджэт?”, а таксама “Ці адпавядаюць кошты на квіткі ўзроўню сэрвісу ў беларускіх цягніках?”. Большасьць людзей была абураная ростам цэнаў на праезд:

(Хлопец: ) “Стыпэндыі студэнтам паднялі, але не настолькі, каб падвышаць праезд у транспарце. Некаторыя студэнты жывуць у прыгарадах Менску і кожны дзень дабіраюцца электрычкамі на вучобу. Шмат грошай ідзе на харчаваньне, а калі яшчэ здымаць кватэру ў прыгарадзе — гэта проста немагчыма. Гэта ня вельмі добрае рашэньне, і ня ўсім такія кошты па кішэні”.

(Дзяўчына: ) “Лічу, што такое падвышэньне цэнаў моцна адаб’ецца на сямейным бюджэце. Бо многія карыстаюцца гэтым відам транспарту, а каштуе гэта вельмі дорага. Праехаць толькі пяць зонаў, і ўжо трэба плаціць 1000 рублёў. Я таксама лічу, што ўзровень абслугоўваньня ў нашых цягніках ня вельмі высокі”.

(Спадар: ) “Пэўна ж будзе адбівацца на маім бюджэце, бо я кожныя выходныя ежджу дадому. Кожны месяц падвышаюцца цэны, і нічога лепшага ў будучыні ня бачу”.

(Карэспандэнт: ) “А вось узровень абслугоўваньня, стан электрычак, цягнікоў адпавядае такім цэнам?”

(Спадар: ) “Які там стан. Я нават ня памятаю, калі я бачыў новую электрычку ці цягнік. Стан не адпавядае ня толькі ўзроўню Заходняй Эўропы, але нават постсавецкай прасторы”.

(Пэнсіянэр: ) “Пэнсіянэраў гэта моцна закране. Падвышаецца плата за кватэры, а што думае прэзыдэнт? Гэта вельмі дрэнна. Плата за праезд падвышаецца, хіба гэта добра для пэнсіянэра?”

(Дзяўчына: ) “Тое, што расьце цана, уплывае на мой бюджэт. Цэны ўжо некалькі разоў падвышаліся”.

(Студэнт: ) “Пэўна ж адаб’ецца. Я студэнт і вучуся на платным аддзяленьні. Гэта б’е па маёй кішэні, а таксама адмоўна адаб’ецца на сытуацыі ў маёй сям’і”.

Ёсьць і тыя, хто лічыць, што нічога страшнага ў падвышэньні цаны на квіток няма. Але й гэтыя людзі адзначалі, што стан беларускіх электрычак не адпавядае коштам на квіткі:

(Спадар: ) “Не, відаць нічога ня будзе. Усё будзе нармалёва. Для мяне дык нічога страшнага няма”.

(Спадарыня: ) “Я вельмі рэдка ежджу куды-небудзь. На мяне гэта ніяк не паўплывае”.

(Хлопец: ) “Ня вельмі. Я рэдка ежджу. А вось стан цягнікоў не адпавядае такім цэнам. Часта яны вельмі брудныя, і стан вагонаў ня надта добры”.

(Дзяўчына: ) “Мне ўсё роўна, колькі гэта будзе каштаваць. на мяне гэта ніяк не паўплывае”.