Яшчэ задоўга да часу, прызначанага прадпрымальнікамі да збору, частка пляцу Незалежнасьці перад Домам ураду была пад пільным кантролем міліцыянтаў і невядомых у цывільным. Яны правяралі дакумэнты ў кожнага зь мінакоў. Тым, хто ня меў пасьведчаньняў супрацоўніка Дому ўраду, забаранялі затрымлівацца на пляцы й прымушалі пераходзіць на іншы бок. Такім чынам, да месца не змаглі прайсьці бальшыня ўдзельнікаў акцыі.
Самога Валерыя Леванеўска спынілі яшчэ на падыходзе: некалькі чалавек у цывільным, узяўшы яго пад рукі, запатрабавалі сесьці ў легкавік. Разам зь Леванеўскім-старэйшым у машыну пасадзілі й ягонага сына, а сам спадар Леванеўскі пасьпеў сказаць літаральна некалькі словаў:
(Карэспандэнтка: ) “Як вы гэта расцэньваеце?”
(Леванеўскі: ) “Арыштоўваюць, правакацыя нейкая”.
Паводле арганізатараў акцыі, ліст, які прадпрымальнікі намерваліся перадаць на разгляд Палаты прадстаўнікоў і ўраду, утрымлівае патрабаваньне адмяніць тры прэзыдэнцкія дэкрэты: пра пошліну за разгляд адміністрацыйных справаў, пра сацыяльнае страхаваньне і пра адзіны падатак для прадпрымальнікаў. Гэткія ж патрабаваньні ўладам плянуе выставіць яшчэ адна буйная прадпрымальніцкая структура “Пэрспэктыва”.
Заўтра, у першы дзень сэсіі, яны намерваюцца перадаць у Палату прадстаўнікоў адмысловы ліст з подпісамі некалькі тысяч гандляроў. Чаму акцыі пратэсту праходзяць за два этапы, тлумачыць лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка:
(Шумчанка: ) “Натуральна, акцыі пратэсту такога кшталту вельмі добрыя, яны ўзьнімаюць настрой, але трэба думаць, як заставацца на волі, каб рабіць справу. Радыкальная акцыя — гэта будуць пустыя рынкі. А каб перадаць лісты з подпісамі, цяпер вядуцца перамовы з шэрагам дэпутатаў, празь якіх мы гэта ўсё і зробім”.
Акцыю перадачы ліста патрабаваньняў на адрас кіраўніцтва краіны “Пэрспэктыва” зьбіраецца падмацаваць аднадзённым страйкам, які мае адбыцца на рынках многіх рэгіёнаў Беларусі.