“Здароўе”. 29 сакавіка
Адмыслоўцы лічаць, што раней ці пазьней непрадказальныя краіны, тэрарысты або дыктатары кшталту Садама Хусэйна ўжывуць біялігчную зброю ў буйных памерах. Яе вытворчасьць тэхналягічна нескладаная, яна адносна танная і яе лёгка прыхаваць. Якія першыя сымптомы заражэньня вірусамі воспы, чумы, сыбірскай язвы, халеры або атручаньня каўбасным ядам? На якім этапе знаходзяцца пошукі антыдоту супраць біялягічнай зброі? Пра гэта пойдзе гаворка ў чарговым выпуску нашай мэдычнай перадачы.
“Праскі акцэнт”. 30 сакавіка
Вайна ў Іраку і беларускае грамадзтва – тэма чарговага выпуску “Праскага акцэнту”. Чым тлумачыцца агрэсіўнасьць ацэнак афіцыйнага Менску? У чым прычыны таго, што пазыцыя ў гэтым пытаньні шэрагу ўплывовых апазыцыйных партыяў вызначаецца няпэўнасьцю? Як ставіцца да ваеннай апэрацыі грамадзтва ў цэлым? Што азначаюць патрабаваньні з боку Лукашэнкі да Расеі жорстка супрацьстаяць амэрыкана-брытанскай апэрацыі ў Іраку?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч і намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Уладзімер Дорахаў. Перадача, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, выйдзе ў эфір у нядзелю, 30 сакавіка.
“Вострая брама”. 30 сакавіка
Што ў Беларусі паказаць замежніку? У новай “Вострай Браме” на гэтае пытаньне адказваюць тыя, хто непасрэдна стварае вобраз нашай краіны ў сьвеце: фатографы, падарожнікі, краязнаўцы, мастакі і журналісты. У выніку такога апытаньня высьвятляецца, што пра ўсё самае цікавае даўно ці нядаўна гаворка ішла ў перадачы пра беларускі культурны кантэкст на працягу пяці з паловай гадоў яе існаваньня. Цяперашні выпуск – апошні перад тым, як перадача абновіць сваё аблічча. Пра гэтыя зьмены, пра новыя ідэі і новых удзельнікаў вы таксама даведаецеся з новае “Вострае Брамы”.
“Вольная студыя”. 30 сакавіка
Беларускі паэтычны тэатар аднаго актора “Зьніч” месьціцца ў менскім Чырвоным касьцёле. Гледачы перад спэктаклем мусяць праходзіць праз намолены храм, як праз чысьцец, атрасаючы зь сябе вулічны тлум. Такое касьцельнае тэатральнае сумоўе да многага абавязвае і не дазваляе разьменьвацца на танныя, разьлічаныя на касавы збор пастаноўкі. Так лічыць заснавальніца і кіраўнічка тэатру Галіна Дзягілева. Гутарку зь ёй Міхася Скоблы слухайце 30 сакавіка, у нядзельнай перадачы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”.
“Паштовая скрынка 111”. 30 сакавіка
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Іван Яскевіч зь вёскі Новыя Гавяды Шклоўскага раёну, Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава, Яўгенія Качанава з украінскага гораду Маладагвардзейскага Луганскай вобласьці, Ніна Крывіцкая, Віктар Скараход і Алесь Шылаў зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– выказваюць меркаваньні пра вайну ў Іраку і пра стаўленьне кіраўніцтва Беларусі да ірацкага крызысу;
– разважаюць пра вынікі сакавіцкіх апазыцыйных акцыяў у Менску;
– распавядаюць пра жыцьцё перасяленцаў з чарнобыльскай зоны;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.